Лукашэнка: Студэнт за ноч зробіць генплан тэхнапарку, а ў вас — 8 месяцаў

Аляксандр Лукашэнка незадаволены тым, што няма яснасці ў фінансаванні праекта. Ён абураны пасіўнасцю чыноўнікаў у прыцягненні рэзідэнтаў у тэхнапарк.



Ён звярнуў увагу, што толькі на распрацоўку і ўзгадненне генеральнага плана парку сышло 8 месяцаў: "Студэнт за суткі, а, можа быць, і за ноч перад абаронай дыплома накрэсліў бы яго". Пры гэтым, кажа Лукашэнка, адказныя чыноўнікі "потым апамяталіся і заяўляюць, што не тое накрэслілі".



Незадаволенасць кіраўніка Беларусі выклікала і тое, што фінансаванне праекта наогул не спланаванае, перадае interfax.by. Таксама Лукашэнка раскрытыкаваў працу па прыцягненні ў тэхнапарк кампаній-рэзідэнтаў: "МЗС разаслаў па амбасадах 1,5 тысячы брашур, даў справаздачу і кропка. Леглі на дно, чакаюць. Што вы чакаеце?"



Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што адмысловым указам быў устаноўлены льготны падатковы рэжым. Ён дазваляе вытрымаць канкурэнцыю як на адзіным рынку Мытнага саюза, так і ЕС. Фармавалася неабходная прававая база для эфектыўнай рэалізацыі праекта па стварэнні тэхнапарка. "Калі гарачыя галовы, якія прапаноўвалі стварэнне парку, сёння астылі і цяпер лічаць, што ён не патрэбен краіне, — набярыцеся мужнасці, скажыце пра гэта", — заявіў Лукашэнка.



Ён дадаў, што Беларусі не трэба чарговая свабодная эканамічная зона: "Нам трэба суперсучасная вытворчасць, на якой будуць вырабляць запатрабаваную ў свеце прадукцыю. Нам патрэбныя высокапрадукцыйныя працоўныя месцы, дзе адзін чалавек будзе працаваць за 100".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі