Лукашэнку інфармуюць, што ў Расіі паняцце "брацкая дзяржава" непрымальнае
На нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням супрацоўніцтва з Расіяй, якая прайшла 24 снежня, Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт тэрміналогіі. "Я ўжо не кажу брацкай дзяржавай, таму што, як мяне інфармуюць, у Расіі ўжо гэта не ўспрымаецца, — гаварыў беларускі кіраўнік. — Нібыта прыйшлі новыя людзі, якім гэта паняцце непрымальна. Ну што ж, будзем партнёрамі".
Як бачым, Лукашэнка збіраецца ехаць у Маскву на перамовы з Уладзімірам Пуціным не ў самым лепшым настроі. Ён прызнае, што яны будуць "няпростымі". На нарадзе з кіраўніцтвам ураду, Адміністрацыі прэзідэнта, Савета Рэспублікі і старшынём КДБ абмяркоўвалі "далейшы рух у вырашэнні інтэграцыйных пытанняў, непахісна паважаючы суверэнітэт дзвюх краін і асабліва выбар народаў — расіян і беларусаў".
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна прызначаная на 25 снежня.