Ля Рэйхстага ізноў руйнавалі Берлінскую сцяну (Фотарэпартаж)

9 лістапада немцы ўзгадвалі сваё мінулае ў музеі “Штазі” і наноў руйнавалі  Берлінскую сцяну каля Брандэнбургскіх варот і Рэйхстага. На руйнаванні пабываў і карэспандэнт Еўрарадыё Руйнаванне Берлінскай сцяны 9 лістапада 1989 года аб’яднала не толькі дзве паловы аднаго горада. Была зруйнаваная сцяна паміж дзвюма рознымі сістэмамі. І для многіх людзей з усходу Нямеччыны стала шокам тое, што для капіталістычнага Захаду даўно было звыклым. Напрыклад, кажа віцэ-прэзідэнт Нямецкага саюза журналістаў Манфрэд Протцэ, стандарты заходняй журналістыкі для іх калег з сацыялістычнага лагера.

Манфрэд Протцэ: “Са здзіўленнем даведаліся, што голыя жаночыя грудзі могуць быць прыкладам падзеі і навінай. І калі гэта яшчэ можна было неяк прыняць, то многія прафесіяналы да гэтага часу здзіўляюцца таму, што развод двух знакамітых актораў таксама з’яўляецца найгалоўнейшай навіной”.



І гэта, узгадвае журналіст Томас Франке, стала нагодай для ганарлівага стаўлення заходніх журналістаў да сваіх калег з усходу. Але, кажа ён, за 20 гадоў гэтую сітуацыю ўдалося выправіць.

Томас Франке: “Зараз, пасля 20 гадоў, гэта стала больш збалансаваным. Няма той пыхлівасці. З’явілася новае пакаленне, якое не робіць розніцы паміж Усходам і Захадам. Думаю, нам у Нямеччыне вельмі пашчасціла, у адрозненні ад любой іншай краіны пераходнага перыяду ў Еўропе. Яна не сутыкнулася з тымі праблемамі, якія былі ў іншых краін Усходняй Еўропы. Тыя, хто зараз удзельнічае і праграме “Усходняе партнёрства”. У гэтых краінах значна складанейшыя ўмовы”.



Тое, што былыя сацыялістычная журналісты навучыліся бачыць навіну ў разводзе вядомых асоб і пыхлівага стаўлення сярод журналістаў Нямеччыны стала менш, не значыць, што зніклі ўсе праблемы. Сёння ва ўсіх журналістаў Нямеччыны аднолькавыя праблемы, кажа Манфрэд Протцэ.

Манфрэд Протцэ:
“Нам становіцца ўсё больш складана забяспечваць высокія матэрыяльна-сацыяльныя стандарты для журналістаў. І ціск на журналістаў, якія хочуць зрабіць нейкія матэрыялы пра пэўныя фірмы альбо прадпрыемствы, ўзрастае. Да і якасць матэрыялаў падае. Гэта вынік скарачэння персанала. Крызіс аднолькава адбіваецца і на журналістах, і на грамадзянскай супольнасці”.

Нягледзячы на ўсе праблемы, нямецкія журналісты сыходзяцца на галоўным: руйнаванне Берлінскай сцяны падаравала ім свабоду слова.

Але вынікам падзення мура, які закрануў фактычна ўсіх усходніх немцаў, стала ліквідацыя “Штазі” — Міністэрства дзяржаўнай бяспекі. Паводле звестак, кожны чацвёрты немец тым ці іншым чынам быў звязаны з гэтай арганізацыяй. Пра тое Еўрарадыё расказала супрацоўніца музея “Штазі” Барбара Цім. Дарэчы, сама ўдзельніца дэманстрацыі супраць "Штазі", якую правялі ўзрушаныя нядаўнім руйнаваннем Берлінскай сцяны людзі 15 студзеня 1990 года.

Барбара Цім: “У нас было шмат патрабаванняў да гэтай установы. І галоўнае — спыніць знішчэнне нашых спраў. Вы ведаеце, што архівы вымяраюцца метрамі і кіламетрамі. Тут у нас зараз 50 кіламетраў гэтых спраў. Але ёсць яшчэ і філіялы, дзе таксама знаходзяцца справы. У гэтых астатніх філіялах да 150 кіламетраў архіваў знаходзіцца”.



Іншымі словамі, ў архівах "Штазі" было знойдзена 6 мільёнаў спраў. Каля 4 мільёнаў — на грамадзян ГДР і 2 — на грамадзянаў капіталістычных краін. Колькі спраў супрацоўнікі "Штазі" паспелі знішчыць, невядома. Калі людзі “захапілі” будынкі "Штазі", кажа Барбара, яны ўбачылі, што машынкі для знішчэння папер зламаліся ад той колькасці працы, якую яны былі вымушаныя зрабіць за кароткі час.

У цэнтральным апараце "Штазі" працавала 10 тысяч службоўцаў. Была 91 тысяча афіцыйных агентаў і яшчэ 189 тысяч неафіцыйных. Колькасць пацярпелых ад іх дзейнасці лічыцца дзясяткамі тысяч. Але ніводны з супрацоўнікаў гэтага органа не быў прыцягнуты да суда менавіта за сваю “прафесійную” дзейнасць. Трох афіцэраў "Штазі" асудзілі, але зусім за іншыя злачынствы.

Сёння архівы "Штазі" адкрытыя для ўсіх. І, паводле слоў супрацоўніцы музея, шмат людзей прыходзяць сюды, каб даведацца, што спецслужбы мелі на іх. Прыходзяць і проста ў музей. У тым ліку, былыя супрацоўнікі "Штазі".



Барбара Цім:
“Яны прыходзяць сюды ў цывільным. І пазнаць, што гэта былыя супрацоўнікі "Штазі", можна толькі тады, калі яны пачынаюць задаваць вельмі спецыфічныя пытанні”.

Згодна са словамі Барбары, немцы не забываюцца на сваё мінулае. І Дзень падзення Берлінскай сцяны для іх свята — хаця афіцыйна гэты дзень святочным не прызнаны і сёлета, у дзень дваццацігоддзя. Але нягледзячы на гэта, больш за 100 тысяч людзей прыйшло да Брандэнбургскіх варот, каб прысутнічаць на святкаванні. І ўзяць удзел у руйнаванні сімвалічнага берлінскага мура — складзенага з “даміно” на колішнім месцы сапраўднага мура побач з Рэйхстагам, дзе можна было пачуць віншаванні з гэтым неафіцыйным святам ад Ангелы Меркель, Леха Валенсы і Міхаіла Гарбачова.



"Даміно", якое сімвалізуе Берлінскую сцяну


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі