Лябедзька: На прэзідэнцкіх выбарах новых асобаў, хутчэй за ўсё, не будзе

Нагадаем, што Аб'яднаная грамадзянская партыя меркавала правесці праймерыз па выбары адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 23 сакавіка. Іх меркавалася зладзіць у Бабруйску і сумясціць з мясцовымі выбарамі.



Аднак за некалькі дзён да падзеі намеснік старшыні АГП Леў Марголін заявіў, што праймерыз не адбудуцца. Па яго словах, спецслужбы "зачысцілі" Бабруйск і запалохалі мясцовых актывістаў. Старшыня партыі Анатоль Лябедзька прызнае свае памылкі.



Лябедзька: "Мы недаацанілі разбуральны патэнцыял існуючай сістэмы. Памылкай было тое, што мы выставілі гэты пілотны праект, скажам так, у адкрыты доступ і далі мажлівасць сілавым структурам і падрыхтавацца, і зачысціць Бабруйск нават ад намераў там нешта рабіць".



Хаця Лябедзька лічыць праймерыз найлепшым варыянтам, ён згодны абмяркоўваць і іншыя. Тым больш, кажа ён ніхто не замінае людзям з прэзідэнцкімі амбіцыямі ўжо цяпер пачынаць сваю палітычную кампанію.



Лябедзька: "Для таго каб стаць моцнай кандыдатурай, трэба нейкія дзеянні. Калі такія дзеянні будуць, то іх, канечне, заўважаць усе. Я думаю, і мы зможам заўважыць. Але гэта бліжэйшым часам малаверагодна. Хутчэй за ўсё, прыхільнікам пераменаў патрэбна будзе выбіраць з таго кола людзей, якія ўжо ёсць, якія маюць нейкую "крэдытную гісторыю". На з'яўленне абсалютна новай фігуры шанец даваў праймерыз".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі