Лябедзька — няўрадавым арганізацыям: Навошта сядзець на двух крэслах?
Напярэдадні прыезда еўрадэпутатаў у Мінск беларуская палітычная апазіцыя не паразумелася, каго б яна хацела бачыць у складзе беларускай дэлегацыі ў Еўранэсце.
Частка апазіцыі лічыць удзел недзяржаўных арганізацый няслушным, іншыя з гэтым не згодныя.
3 лютага прадстаўнікі трох кааліцый дэмакратычнай апазіцыі — Аб'яднаных дэмакратычных сілаў, Беларускага незалежніцкага блоку і Еўрапейскай кааліцыі — паспрабавалі знайсці агульную пазіцыю, хто ад Беларусі мусіць удзельнічаць у Еўранэсце.
Кансультацыі праводзілі старшыня партыі "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч, намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, старшыні аргкамітэтаў па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч і Партыі свабоды і прагрэса Ўладзімір Навасяд.
Для плённай працы апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў фармаце Ўсходняга партнёрства трэба, каб у Еўранэсце былі прадстаўленыя толькі палітычныя партыі і аргкамітэты палітычных партый, без недзяржаўных арганізацый, лічыць Анатоль Лябедзька. Бо апошнія ўжо прадстаўленыя ў іншай пляцоўцы Ўсходняга партнёрства — Форуме грамадзянскай супольнасці.
Анатоль Лябедзька: "Я не разумею, навошта зараз няўрадавыя арганізацыі ўстаўляць у чыста палітычную пляцоўку? Там павінны быць прадстаўнікі палітычных партый, у якіх фактычна забралі дэпутацкія мандаты ў 2008 годзе. Навошта сядзець на двух крэслах?"
Да гэтай ідэі прыхільна ставіцца, напрыклад, партыя "Справядлівы свет". А Партыя БНФ і аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" з такім падыходам не згодныя.
Віталь Рымашэўскі (БХД): "У Беларускага незалежніцкага блоку ёсць наступная супольная пазіцыя: у Еўранэсце павінны быць прадстаўленыя як найбольш буйныя палітычныя сілы, так і вялікія грамадскія арганізацыі, такія як Беларуская асацыяцыя журналістаў і Асамблея няўрадавых арганізацый".
Нагадаем, што прадстаўнікі "Руху "За Свабоду" і Беларускай асацыяцыі журналістаў прымалі ўдзел у паседжанні іншай структуры Ўсходняга партнёрства — Форуме грамадзянскай супольнасці, які адбыўся ў Бруселі 16-17 лістапада 2009 года.
Магчымы ўдзел "Руху "За Свабоду" ў Еўранэсце — лагічны, бо арганізацыя таксама прымала актыўны ўдзел у выбарчым працэсе 2008 году і праводзіла кампанію "За свабодныя і сумленныя выбары", лічыць намеснік старшыні "Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.
Юрась Губарэвіч: "На маю думку, трэба казаць пра спецыфіку беларускай палітыкі. Калі падыходзіць з іншага боку і казаць пра вагу на грамадскім, палітычным полі, то я думаю, што месца "Руху "За Свабоду" ў Еўранэсце выглядае лагічным".
Прынцыповая пазіцыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі — спярша дамовіцца аб крытэрыях адбора, паводле якіх можа быць сфармаваная дэлегацыя, адзначае Анатоль Лябедзька. Пакуль жа ўкласціся ў адведзеныя 10 месцаў для Беларусі (нават пры той умове, што ў Еўранэст не запросяць ніводнага дэпутата парламента), апазіцыі не ўдалося.
Анатоль Лябедзька: "Калі б мы крытэрыі вызначылі, то адразу зразумелі б, пра якое кола гаворым. Мы сёння лічылі і з аднога, і з другога боку, і пры самым вялікім раскладзе мы выходзім на 12 палітычных партый альбо аргкамітэтаў палітычных партый".
Нагадаем, Парламенцкая Асамблея Еўранэст плануецца ў выглядзе форума, што будзе маніторыць і аналізаваць падзеі, звязаныя з ініцыятывай Усходняе партнёрства. У яе склад, апрача 10 прадстаўнікоў ад Беларусі, увойдуць 60 дэпутатаў Еўрапарламента, па 10 дэпутатаў нацыянальных парламентаў Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.
На наступным тыдні чакаецца місія старшыняў дэлегацыі Еўрапарламента ў Еўранэсце ў Беларусь. Еўрадэпутаты правядуць кансультацыі з беларускімі палітычнымі суб'ектамі і дашлюць рэкамендацыі аб складзе беларускай дэлегацыі Савету прэзідэнтаў Еўрапарламента.
Устаноўчае паседжанне Еўранэста запланаванае на 24 сакавіка 2010 года.