Лячэбны санаторый для цяжарных без працэдур і вай-фай, які не дабівае да люкса

Лячэбны санаторый для цяжарных без працэдур і вай-фай, які не дабівае да люкса

Ужо тры тыдні чакае подпісу ў Савеце Міністраў праект бязвізавага ўезда ў Беларусь для замежных турыстаў з 80 краін свету. Прыняцця можна чакаць са дня на дзень, але ці гатовыя мы прыняць замежнікаў і ці задавальняе нас саміх беларускі турыстычны сэрвіс?

“Вырашыла правесці дзесяць дзён адпачынку ў санаторыі, дзе ёсць праграма для цяжарных, — распавядае Кацярына. — На ўсялякі выпадак знайшла такі, каб было недалёка ад Мінска — “Пралеска” на Мінскім моры. Паразмаўляла з адміністратарам, замовіла пуцёўку, прыехала і была шакаваная. Нягледзячы на немалыя грошы, корпус санаторыя яшчэ савецкіх часоў, толькі адрамантаваны. Ежа такая ж, як і ў бальніцы, а мне яе і так хапае, паверце. Да вады трэба ісці даволі доўга, па звычайнай лясной сцежцы, ўгару, без ліхтароў… Але і гэта не самае страшнае. Цяжарным нельга рабіць працэдуры, за якія і плацяцца асноўныя грошы ў пуцёўцы”.

Натуральна, дзяўчыну гэта бянтэжыць. Кацярына пераначавала ў санаторыі і на наступны дзень паспрабавала дамовіцца замяніць тыя працэдуры, што ёй рабіць нельга, на, напрыклад, стаматолага, масажы ды якія іншыя дазволеныя. Безвынікова.

“Я выказала прэтэнзію, што прапаноўваць “Лячэбна-аздараўленчую праграму "Шчаслівая мама"” гэта махлярства, — працягвае Кацярына. — Але адміністрацыя адказала, што свежае паветра, знаходжанне ў лесе побач з вялікім вадаёмам, гэта таксама аздараўляльны адпачынак. Давялося патрабаваць грошы назад. У выніку я гэтыя дні правяла на лецішчы сяброў — тая ж аздараўленчая праграма, толькі бясплатна”.

Еўрарадыё спрабуе замовіць пуцёўку ў санаторый “Пралеска” па гэтай жа праграме. На пытанне, якія працэдуры чакаюць цяжарную жанчыну, нам без разваг выпальваюць:

“Шчыра кажучы, у нас нешта зусім не атрымліваецца з гэтай праграмай, — уздыхаюць у аддзеле маркетынгу санаторыя. — Да нас у асноўным прыязджаюць цяжарныя з паталогіямі. Першапачаткова мы разлічвалі, што да нас будуць прыязджаць цяжарныя жанчыны, каб падыхаць чыстым паветрам, выспацца, адпачыць ад каструль ды іншых хатніх клопатаў… Ну і працэдуры некаторыя таксама. Напрыклад, кіслародны кактэйль, спелеатэрапія, ароматэрапія. Але наша гінеколаг адразу замахала рукамі, што трэба, каб былі парады доктара, у якога жанчыны знаходзяцца на кансультацыі. Каб ён пазначыў, што няма супрацьпаказанняў, алергій і гэтак далей”.

Калі ўсё ж нічога з прапанаваных працэдураў нельга, то санаторый гатовы адкінуць ад кошту пуцёўкі 10%. То бок за дзесяць дзён у аднапакаёвым двухмесным нумары “без падсялення” давядзецца заплаціць 465 рублёў. Залатая пуцёўка для простага адпачынку ад “бытавых клопатаў” сярод соснаў, пагадзіцеся!

“Знялі мы нумар люкс, але да люкса абяцаны вай-фай не дабівае, — дзеліцца сваім досведам наведвання Белавежскай пушчы ураджэнка Расіі Алена Даннікава падчас ток-шоў на канале АНТ. — У пуцёўку ўключаны басейн, саўна, більярд. Ідзем у басейн, які працуе да 22:00. Прыйшлі ў 21:05 — пасля 21:00 ужо не пускаюць. Прыйшлі на наступны дзень, але вада ў дзіцячым басейне халаднейшая, чым у дарослым. Ідзем грэцца ў сауну, але яна працуе толькі з 19-ці. Добра, вяртаемся пасля 19-ці, яна зноў не працуе. Чаму? Адказу няма!”

Тое ж самае паўтараецца з більярдам. У мясцовым рэстаране Алена што ні замаўляе, нічога няма. Толькі дранікі спачатку пагаджаюцца прынесці, але праз некаторы час афіцыянт паведамляе, што і дранікаў не будзе. Маўляў, гатаваць іх трыццаць хвілін, а рэстаран закрываецца праз сорак. Сюды дадаць яшчэ крук у 67 кіламетраў, які давялося зрабіць, бо прамахнуліся з паваротам, а праз тэрыторыю базы адпачынку без адмысловага пропуску нельга праехаць, і карціна беларускага турыстычнага сервісу становіцца амаль поўнай.

Алена Даннікава дадае, што краявіды Белавежскага заказніка і ўсё датычнае менавіта прыроды ёй вельмі спадабалася. Але з-за сэрвісу, які праз сілу размаўляе, чмякаючы яблыкам, вяртацца адпачываць у Пушчу яна не збіраецца.

Падобныя каментарыі даволі часта можна заўважыць у сацыяльных сетках, пра гэта не раз пісалі і блогеры. Натуральна, ёсць і пазітыўныя водгукі, але яны, хутчэй, выключэнне. Адчуванне, што гэта бачаць і разумеюць усе, апроч саміх прадстаўнікоў турыстычнага бізнесу. Ці, можа, такі ў нас свой беларускі падыход да турыстаў: абслугоўваем адзін раз, каб не ўзнікала жадання вяртацца і займаць месцы турыстаў, якія яшчэ не адпачывалі ў нас!?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі