Лявон Вольскі сабраў усю неабходную суму на новы альбом
Лявон Вольскі сабраў усю неабходную суму на выданне новага альбома і на яго прамоўшн. Якая гэта сума, музыка не называе, бо не хоча, каб пачаліся "жарсці". Маўляў, некаму яна падасца вялікай, некаму малой, таму навошта яе агучваць.
“Даволі дзіўна, што ў выніку сабралі, бо цяпер такі час... Але дасылалі грошы з ўсяго свету, не толькі з Беларусі. ЗША, Канада, Польшча, Швейцарыя, Германія, Аўстралія, Венгрыя, Чэхія, Румынія, з эксклюзіўных краін — Сінгапур, Новая Зеландыя, нават з Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі нехта даслаў. Карацей, куды раскідала, адтулі і дасылалі. З Уладзівастока быў пералік, з Расіі ўвогуле некалькі дзясяткаў чалавек, — дзеліцца Лявон. — Некаторыя ахвяраванні было вельмі цяжка прымаць, бо людзі дасылалі апошняе. Адна дзяўчынка, напрыклад, напісала ў каментарыі, што даслаць большую суму, на жаль, не можа, бо гэта ўся яе стыпендыя. Цяжка такое прымаць, але я вельмі ўдзячны ўсім!”
Сабраныя сродкі пойдуць не толькі на запіс, звядзенне, майстарынг і ўласна выданне альбома, але і на яго прамоўшн. Напрыклад, запланаваныя здымкі двух кліпаў. Адзін з іх будзе з удзелам тых, хто ахвяраваў грошы, другі — больш канцэптуальны. Але пакуль дакладных планаў няма. У бліжэйшы час музыка плануе сабрацца з адмыслоўцамі і абмеркаваць, што гэта будзе за відэа і як яго будуць здымаць.
Яшчэ некалькі тыдняў таму ў інтэрв’ю Еўрарадыё Лявон Вольскі выказваў меркаванне, што асноўная маса аматараў яго творчасці ўжо зрабіла свой унёсак і, падавалася, што музыка ўжо не верыць у паспяховасць праекта. Але пасля выхаду інтэрв’ю пачалася другая хваля і ўсё атрымалася.
Выхад новага альбома Лявона Вольскага запланаваны на восень. Яго саўнд-прадзюсарам выступіць Снорэ Бергеруд, які працаваў і над мінулым сольнікам музыкі “Hramadaznaūstva. Volski”. Па словах музыкі, новы дыск будзе складацца з 16 трэкаў і ў параўнанні з папярэднікам будзе больш паэтычным.