Лётаць у Еўропу стала танней, чым ездзіць на цягніку
Авіякампаніі сцвярджаюць, што такая тэндэнцыя назіраецца па ўсёй Еўропе. Нягледзячы на гэта, чыгунка зніжаць кошты не плануе
З’ездзіць у Амстэрдам і вярнуцца ў Мінск на цягніку каштуе на 180 еўра даражэй, чым злётаць на самалёце. Намеснік генеральнага дырэктара кампаніі “Белавія” Ігар Чаргінец сцвярджае, што тэндэнцыя, калі авіяцыя становіцца танней за чыгунку, назіраецца па ўсёй Еўропе:
“Ёсць такія тэндэнцыі, асабліва калі паглядзець па Еўропе: сапраўды там часам вельмі моцна адрозніваюцца кошты ў меншы бок для пералётаў, чым калі ехаць на экспрэсе, напрыклад. І ў нас такая тэндэнцыя таксама паціху з’яўляецца”.
Усяго 5 еўра вы зэканоміце, калі паедзеце да Прагі на цягніку, а не паляціце на самалёце.
Чаргінец: “У нас квіток у Прагу туды і назад каштуе 228 еўра — гэта тарыф. Плюс аэрапортныя зборы — атрымліваецца 248 еўра, гэта канчатковая цана квітка для пасажыра. Да Берліну мінімальны кошт квітка туды і назад разам з аэрапортнымі зборамі — 214 еўра. Амстэрдам — 298 еўра, туды і назад”.
Акрамя стандартных тарыфаў, авіякампаніі ладзяць спецыяльныя прапановы. Напрыклад, на святы можна злётаць у Еўропу ўдвух па цане аднаго квітка.
Цягнік з Мінска да Амстэрдаму ідзе адзін дзень, 5 гадзінаў і 10 хвілін, самалёт жа далятае за 2,5 гадзіны. Які тады сэнс ездзіць на цягніках, калі самалётам можна зэканоміць і час, і грошы? Але намеснік генеральнага дырэктара “Белавія” лічыць, што страта пасажыраў чыгунцы не пагражае. Заўсёды будуць тыя, хто баіцца лётаць.
Чаргінец: “У Еўропе, дзе чыгунка развітая нашмат больш, чым у нас, людзі тым не менш там застаюцца, бо ім проста прапаноўваюць больш камфортныя ўмовы. Бывае, што чыгунка знаходзіцца побач з домам, а да аэрапорта заўсёды трэба нейкі час дабірацца… Многія проста баяцца лётаць. Сказаць, што ў Еўропе чыгунка памірае, нельга”.
Ці збіраецца чыгунка зніжаць кошты? З гэтым пытаннем Еўрарадыё адправіліся ва Ўпраўленне Беларускай чыгункі. Начальнік аддзела пасажырскай службы Ўладзімір Столяр кажа, што кошты фармуюцца з улікам тарыфаў па тэрыторыі іншай краіны, таму аднабакова знізіць цану немагчыма:
“Беларуская чыгунка не можа ў аднабаковым парадку актыўна ўздзейнічаць на кошт праезду. Сёння будаванне тарыфаў у міждзяржаўных зносінах такое, што кошт праезных дакументаў складаецца з кошту квітка па тэрыторыі Беларусі і па тэрыторыі іншай краіны. А ўзровень тарыфаў па сваёй тэрыторыі кожная краіна аб’яўляе самастойна”.
Да таго ж 90% міжнародных перавозак па чыгунцы — у Расію і Ўкраіну. А ў гэтыя краіны пакуль танней ездзіць на цягніку. Таму зніжэнне коштаў на авіяпералёты наўрад ці моцна адаб’ецца на Беларускай чыгунцы. Пасажырскія тарыфы для чыгункі нават ў міжнародных зносінах — стратныя, кажа спадар Столяр:
“Для таго, каб зменшыць памер стратаў з расійскімі і ўкраінскімі чыгункамі, мы выкарыстоўваем гнуткую сістэму тарыфаў. Пры ўзрастанні аб’ёмаў пасажырскіх перавозак у летні перыяд у нас прапануюцца больш высокія цэны на праезд, чым у асенне-зімовы перыяд, калі пасажырапаток падае. Гэта зроблена дзеля таго, каб трошку размеркаваць паток, — летам зняць нагрузку і перавесці на восень і зіму”.
Ёсць зніжкі і на чыгунцы, калі вы едзеце групай 10 чалавек і болей.
Столяр: “На краіны СНД і Балтыі дзейнічае міждзяржаўны пасажырскі тарыф, у якім ёсць шэраг зніжак для насельніцтва. Пры праездзе арганізаванай групы ад 10 да 24 чалавек, калі гэтая група едзе на адлегласць да 2000 кіламетраў, зніжка даецца 10% ад агульнай колькасці праезду. Калі група больш за 24 чалавек — такая зніжка 15%”
Самую вялікую зніжку — у 30% — можа атрымаць група больш за 24 чалавек, якая едзе на адлегласць больш чым 2000 кіламетраў.
Журналістка Еўрарадыё паспрабавала набыць квіткі са зніжкай у Прагу. Як паведамілі ў даведцы, групавы квіток для аднаго чалавека абыйдзецца на 90 тысяч рублёў танней, чым калі б ён купляў паасобку. Але зэканоміць 90 тысяч на практыцы ў нас не атрымалася — выявілася, што трэба, каб усе людзі былі з адной арганізацыі, а арганізацыя напісала заяўку на агульны квіток. У адваротным выпадку вам давядзецца купляць білет па поўным кошце.
Цягнік | Самалёт | |
Амстэрдам | 480 | 298 |
Прага | 242 | 248 |
Берлін | 218 | 214 |
Варшава | 100 | 150 |
Масква | 96 | 169 |