Маці 11 дзяцей: Наш сямейны бюджэт — 10-12 мільёнаў, але мы не галадаем

“Здавалася б, пайшла на працу, бо не ведаю жанчыну, якая б не хацела выйсці з дэкрэта. Бывае, кажу сваім, вось будзеце самі хадзіць у школу і садок, а я буду толькі вечарам з’яўляцца дома, — распавядае маці 11 дзяцей Людміла Ананіч. — Але яны вось раніцай павіншавалі, уручылі падарункі, што зрабілі ў школе, і настрой у мяне зусім іншы. Дзеці — гэта вельмі здорава”.

43-гадовая мінчанка Людміла Ананіч пералічвае сваіх дзетак: Таня, Каця, Паша, Рома, Руслан, Вераніка, Веньямін, Цімафей, Максім, Віялета і Лілія. Самай старэйшай — 15 гадоў, самай малодшай — годзік. На апытанне, чаму яна вырашыла нарадзіць 11 дзяцей, Людміла адказвае проста: сама расла ў шматдзетнай сям’і. Так жанчына і прызвычаілася да таго, што ўсе разам: сварацца і мірацца, падтрымліваюць адно аднаго.

Раніца ў мамы пачынаецца ў сем гадзін: васьмярых дзяцей трэба сабраць у школу, яшчэ аднаго ў садок і пазабаўляцца ды дагледзець двух самых малодшых дзяўчынак.

“Дзеці самі ідуць у школу, яна ў 500 метраў ад дома, я ў вакно гляджу, ці ўсё ў парадку. З сабой яны бяруць якое-небудзь пячэнне ці грошы. Яны ядуць у школе, але кажуць, што кормяць часта не вельмі смачна. Часта даюць катлеты, а яны пустыя. А вось калі даюць дранікі, вельмі радуюцца, гэта бадай свята”, — распавядае Людміла Віктараўна.

Далей распарадак просты, як і ва ўсіх гаспадынь: прыгатаваць ежу, прыбраць, схадзіць на вуліцу, супакоіць, паўшчуваць і прыгалубіць.

Людміла расказвае, што гатаваць на такую вялікую сям’ю няпроста, але яна прызвычаілася. Вельмі дапамагаюць самі дзеці: нехта пыласосіць, нехта мые посуд. Сям’я ходзіць у краму прыкладна раз на тры дні.

“За адзін паход у мяне выходзіць каля 450-500 тысяч рублёў. Купляем звычайныя прадукты: масла, малако, курыцу, хлеб. Гэтага хапае прыкладна на два дні, бывае, застаецца на трэці дзень”, — кажа Людміла.

Людміла кажа, што іх сямейны бюджэт — прыкладна 10-12 мільёнаў. Натуральна, грошай не хапае, але “голым і босым ніхто не ходзіць”.

“Вось нядаўна збіралі дзяцей у школу. На школьныя формы, абутак, спадніцы ды кашулі пайшло каля 10 мільёнаў — восем школьнікаў жа”, — падлічвае маці.

Яшчэ 200 000 рублёў пайшло на аплату падручнікаў. За іх Людміла заплаціла толькі 50%. Ананічам дапамагае Асацыяцыя шматдзетных сямей.

“Раней была дапамога на шматдзетных, было лягчэй. Але тры гады, і дапамогі няма — маці павінна выйсці на працу, але ж урад павінен разглядаць розныя сітуацыі. У мяне дзецям тры гады і год, таму я не магу выйсці на працу. Муж у мяне праграміст, і на працы ён з раніцы да вечара. Я яго амаль не бачу”, — распавядае жанчына.

Людміла заўважае, што адпачываюць як усе: выходзяць у паркі, святкуюць дні нараджэння. Пра паездкі некуды за мяжу яны толькі мараць: яшчэ з сям'ю дзецьмі яны ездзілі ў Крым! Але з 11-ю не атрымліваецца. У мінулым годзе адпачывалі ў сацыяльнай вёсцы, а таксама ездзяць да сваякоў у Барысаў і ў вёску.

“У нас мікрааўтобус, але нам у ім ужо цеснавата. Хацелася б нешта большае, але гэтага ніяк не зрабіць. У мяне брат у Германіі, і там можна было б набыць добрае аўто і вельмі танна. Але праз мытныя пошліны гэта немагчыма”, — заўважае Людміла.

Жанчына распавядае, што адной з апошніх вялікіх пакупак была пральная машына. Але яе зноў хутка давядзецца мяняць, бо праць трэба штодзень — у сям’і растуць футбалісты. Адсюль і даволі высокія выдаткі на тое, каб аплаціць камунальныя плацяжы: у месяц сыходзіць каля 800-900 тысяч рублёў. Гэта камуналка на шасціпакаёвую кватэру ў Ленінскім раёне.

“Добра, што яшчэ знялі абмежаванне на спажыванне святла — у 150 кілават сям’я з 13-ці чалавек дакладна не ўклалася б!” — заўважае Людміла.

Кватэра ў такой вялікай сям’і аб’яднаная яшчэ з адной. Такім чынам атрымалася шэсць пакояў. Людміла з мужам і дзецьмі марыць пра свой дом, але набыць яго для іх даволі праблематычна.

Пытанне пра льготы на крэдыты для шматдзетных Людміла папярэджвае: першую кватэру сям’я Ананіч пабудавала за свае грошы: сабралі каля 10 тысяч долараў, на той момант гэта былі шалёныя сродкі, залезлі ў пазыку, але пабудавалі свой кут. Другую кватэру набывалі ўжо як шматдзетныя.

“Бывае, на вуліцы ідзе нейкая дама з сабачкам, пералічыць нас усіх, хмыкне, але я не звяртаю ўвагі — гэта ад выхавання залежыць. Я нараджала дзяцей не дзеля метраў, а ад свайго любімага мужа Віталя. Няхай гэта і не лёгка, быць маці, але я ўсіх іх люблю”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі