Маці Лукашэнкі пахаваюць сёння на вясковых могілках
Пра гэта паведамілі ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна.
Маці беларускага кіраўніка, Кацярыну Трафімаўну, пахаваюць на вясковых могілках у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна, піша "Комсомольская правда".
Аднавяскоўцы прыгадваюць, што Кацярына Трафімаўна была працалюбнай, добрай і спагадлівай. Ад пачатку 2000-х яна жыла ў Мінску. Апошні раз Кацярына Трафімаўна прыязджала на радзіму гады тры таму.
Кажуць, Кацярына Лукашэнка ўвесь час стэлефаноўвалася са сваімі вясковымі сяброўкамі. Яны разам працавалі на ферме даяркамі і пасля выхаду на пенсію заўсёды падтрымлівалі адносіны.
Як паведамляла Еўрарадыё, пра смерць маці Аляксандра Лукашэнкі паведаміла сёння зранку прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант. З гэтай прычыны Лукашэнка адклаў на два дні свой візіт у Пакістан.
Кацярыне Лукашэнка было 90 гадоў. Аляксандр — яе адзіны сын.