Маці Тэрэза стане каталіцкай святой
Каталіцкая манахіня маці Тэрэза, вядомая на ўвесь свет дапамогай індыйскім беднякам, будзе аднесеная да ліку святых. Яе кананізацыя адбудзецца сёння, 4 верасня — цырымонія, якую ачоліць папа Францішак, пройдзе сёння на плошчы Святога Пятра ў Рыме.
Маці Тэрэза, сапраўднае імя якой Агнес Гонджэ Баяджыу, нарадзілася 26 жніўня 1919 года ў каталіцкай албанскай сям’і ў Скоп’е, цяперашняй сталіцы Македоніі. У юнацтве яна з’ехала ў Ірландыю і далучылася там да манаскага ордэну “Ірландскія сёстры Ларэта”. Затым будучая святая прыняла пострыг і ўзяла імя Тэрэза ў гонар кананізаванай у 1927 годзе манахіні-кармеліткі Тэрэзы з Лізье, вядомай сваёй дабрынёй і міласэрнасцю.
Маці Тэрэза была на служэнні ў Індыі — выкладала ў жаночай школе і дапамагала хворым. У 1950 годзе заснавала жаночую манаскую кангрэгацыю “Сёстры Місіянеркі Любові”, у якой цяпер каля 4500 паслядоўніц — яны дапамагаюць бедным і хворым у розных краінах, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання.
Гэтая жанчына стала сусветным сімвалам міласэрнасці і ў 1979 годзе атрымала Нобелеўскую прэмію міру.
У 1997 годзе маці Тэрэза памерла, а ў 2003 годзе папа Ян-Павел ІІ беатыфікаваў яе. Цяпер вядомую манахіню прызнаюць святой.