Макей абмеркаваў з кіраўніком МЗС Фінляндыі пытанні "ў сферы ўзаемнага інтарэсу"

Уладзімір Макей / Еўрарадыё
Уладзімір Макей / Еўрарадыё

Адбылася сустрэча кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея з міністрам замежных спраў Фінляндыі Пеккам Хаавіста. Сустрэча прайшла ў Нью-Ёрку на Генасамблеі ААН, аб гэтым паведамляе прэс-служба МЗС.

Гэта першы і пакуль адзіны кантакт кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства з калегам з краіны ЕС на палях Генасамблеі ААН. У ЕС, нагадаем, не прызналі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, асудзілі гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў, засталіся абураныя інцыдэнтам з самалётам Ryanair і маюць шэраг пытанняў да беларускіх уладаў у сувязі з міграцыйным крызісам, які ўтварыўся на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй.

Бакі "абмеркавалі шэраг пытанняў у сферы ўзаемнага інтарэсу", паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС аб сустрэчы Макея з Хаавіста. Варта адзначыць, што аб іншых сустрэчах беларускага міністра ў Нью-Ёрку прэс-служба расказала больш падрабязна. Учора Макей размаўляў таксама з міністрамі замежных спраў Ірана, Нікарагуа, Турцыі і Сербіі. Фотаздымкі з сустрэчы Макея і Хаавіста беларускае МЗС таксама не публікуе.

На старонках у сацсетках МЗС Фінляндыі і фінскага міністра пакуль няма ніякай інфармацыі пра сустрэчу з Уладзімірам Макеем.

Раней польскія СМІ пісалі, што з Макеем можа сустрэцца кіраўнік МЗС Польшчы Збігнеў Раў — каб абмеркаваць лёс польскіх актывістаў, затрыманых у Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі