Макей: Беларусь у 2018-м "вытрымала курс на забеспячэнне суверэнітэту"
У Мінску праходзіць пасяджэнне калегіі Міністэрства замежных спраў, паведамляе прэс-служба ведамства. На ім падводзяць вынікі працы МЗС за мінулы год і вызначаюць задачы на перспектыву.
У сваім выступе кіраўнік ведамства Уладзімір Макей адзначыў, што 2018 год быў для нашай краіны напружаным, але плённым. "У няпростых знешніх умовах наша краіна вытрымала курс на забеспячэнне суверэнітэту, правядзенне незалежнай, збалансаванай шматвектарнай палітыкі, развіццё інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы, дыверсіфікацыю знешняга гандлю, умацаванне бяспекі не толькі ў рэгіянальным, але і глабальным маштабах", — заявіў кіраўнік беларускай дыпламатыі.
Макей дадаў, што ў свеце "мацнее адчуванне своечасовасці і мэтазгоднасці ініцыятывы", якую выказаў кіраўнік Беларусі — пра арганізацыю новага шырокага дыялогу, аналагічнага Хельсінкскаму працэсу. Міністр паставіў задачу ў 2019 годзе нарошчваць "крытычную масу" прыхільнікаў гэтай ідэі, а таксама настойліва лабіраваць яе праз палітычныя эліты, грамадскія структуры і экспертную супольнасць.