Макей гаварыў у Маскве, што ў Беларусі ёсць помнікі і Сувораву, і Каліноўскаму

Макей гаварыў у Маскве, што ў Беларусі ёсць помнікі і Сувораву, і Каліноўскаму

У міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея падчас прэс-канферэнцыі ў Маскве папыталіся, ці не адбываецца ў нашай краіне рост нацыяналістычных настрояў і як ставяцца да падзеяў Другой сусветнай вайны. "Недалёкія, маргінальныя людзі хочуць паказаць, што ў Беларусі праходзіць антырусіфікацыя, развіццё нацыяналізму, ці нацыяналістычныя памкненні, ці іншыя падобныя тэндэнцыі. Гэтага няма і не можа быць", — адказаў Макей.

Макей: Папракаць Беларусь у "антырусіфікацыі" подла і блюзнерска

Паводле слоў міністра, "для Беларусі гісторыя святая, і асабліва факты Другой сусветнай вайны". Ён нагадаў, што праз нашу тэрыторыю праходзілі шматлікія войны і "наша нацыя цярпела пакуты".

"Скажыце, дзе ў апошнія гады быў пабудаваны музей, прысвечаны Другой сусветнай, апроч Беларусі?", — спытаўся ў прысутных Уладзімір Макей. Ён адзначыў, што ў нашай краіне не перапісваюць падручнікі. Яны былі толькі "скарэктаваны", "сыходзячы з нейкіх новых момантаў, звязаных з набыццём незалежнасці краіны".

У Беларусі не знеслі і не збіраюцца зносіць ніводнага помніка, падкрэсліў міністр замежных спраў. "Так, у нас ёсць розныя погляды ў бачанні гісторыі, — цытуе словы Макея nn.by. — Хтосьці называе ці хацеў бы называць Суворава "вешальнікам", хтосьці называе Каліноўскага "нацыяналістам, які змагаўся за няправільныя ідэі". Ідзе нармальная спрэчка ў грамадстве".

Помнікі Сувораву, як і помнікі Каліноўскаму, стаяць у беларускіх гарадах. "Не камні вінаватыя ў нашых бедах і недахопах, а – людзі", — сказаў міністр.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі