Макей пракаментаваў нядаўняе эмацыйнае выказванне Лукашэнкі
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пракаментаваў нядаўняе эмацыйнае выказванне Аляксандра Лукашэнкі. 22 чэрвеня падчас наведвання Шклоўскага раёна кіраўнік дзяржавы заявіў наступнае: "Калі мы не вытрымаем гэтыя гады, правалімся [у эканоміцы], значыць, трэба будзе ў склад нейкай дзяржавы ісці ці аб нас проста будуць выціраць ногі". Гэтыя словы Лукашэнкі цытавалі і айчынныя, і замежныя СМІ.
"Што ж тут каментаваць, рэчы ляжаць на паверхні, — цытуе словы Макея ТАСС. — Прэзідэнт Беларусі шмат разоў гаварыў, што незалежнасць і суверэнітэт — гэта святое, дзеля гэтага варта жыць і працаваць на карысць краіны і народа. Што тычыцца нейкіх магчымых уступленняў і ўваходжанняў у склад нейкіх дзяржаў, то пра гэта не можа быць і гаворкі".
Міністр падкрэсліў, што Лукашэнка проста гіпатэтычна выказаў меркаванне наконт таго, што "магло б адбыцца, калі эканоміка будзе падаць, пагаршацца дабрабыт краіны". Уладзімір Макей падкрэсліў, што "ўсё залежыць ад нас, ад кожнага канкрэтнага чалавека, а кіраўнік дзяржавы такім чынам акрэсліў перспектывы, да якіх мы не імкнемся".