Макоўская: Чыноўнікі дагэтуль асацыююць беларускую культуру толькі з вёскай
Каардынатарка кампаніі "Будзьма Беларусамі!" распавядае, калі ў нашую культуру прыйдзе прыватны капітал ды як джынсы могуць папулярызаваць беларускае.
Аўдыёверсію гутаркі можна паслухаць тут 120210 MakouskayaS.mp3
Еўрарадыё: Прыватны капітал выведзе сферу культуры Беларусі ў шэраг самых прыбытковых галін эканомікі краіны, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік. "Для гэтага трэба больш прыцягваць прыватны капітал, прыватную ініцыятыву, аб'ядноўваць намаганні дзяржаўных органаў і прыватных арганізацый", - адзначыў ён. Што б Вы адказалі намесніку прэм'ера?
Алена Макоўская: Я б назвала спрэчным выказваннем, што культура будзе прыбытковай галіной эканомікі. Хацелася б ведаць год, у якім культура будзе прыносіць прыбытак. Ды паняцце культуры вельмі шырокае. Ці гэта беларускамоўная, ці расійская культура? Калі казаць пра прыватны капітал, то трэба ўзняць пытанне філантропіі ў нашым грамадстве. У гэтай галіне заканадаўства ў нас зусім не распрацаванае. Амаль няма выпадкаў, калі прыватны бізнэс удзельнічае ў фінансаванні нейкай грамадскай арганізацыі. Для таго, каб гэта было, трэба распачынаць традыцыю, трэба рабіць гэта прэстыжным. Трэба зацікаўліваць бізнэс удзельнічаць у культурных праектах.
Еўрарадыё: Але тут гаворка не пра філантрапічныя памкненні, а пра тое, што культура можа быць бізнэсам. У той жа Польшчы выдавецтвы жывуць з выдавання кніг і не вымушаныя друкаваць каляндарыкі, кніжныя рэцэпты і г. д. Што ў нас перашкаджае гэтаму?
Алена Макоўская: Залежыць ад таго, пра якую культуру мы гаворым. Калі пра беларускамоўную культуру, то мы яшчэ толькі ў пачатку шляху. Павінна быць яшчэ мода і культура спажывання гэтых прадуктаў. Павінен існаваць попыт. А для гэтага трэба вельмі шмат чаго зрабіць. Трэба, каб сам прадукт быў цікавы, каб былі цікавымі спосабы яго прамоцыі. А таксама, каб была патрэба, спажываць гэты прадукт.
Еўрарадыё: То бок гэта выходзіць за межы культуры і ўваходзіць у пытанне адукацыі… У іншых краінах атрымліваюць дзяржаўную падтрымку рэчы больш сур’ёзныя. У нас жа дзяржава падтрымлівае поп-шоў-бізнэс вельмі слабай якасці, які мог бы ўтрымлівацца і сам.
Алена Макоўская: Шоў-бізнэс павінен наадварот сам існаваць за тыя грошы, што ён зарабляе. Адначасова мы маем шмат цікавых культурных праектаў. Ёсць цікавыя творцы, якія больш вядомыя ў замежжы, чым у нас. Калі казаць пра рускамоўную культуру, то мы жывем у вялікай інфармацыйнай прасторы Расіі. Мы спажываем вялікую колькасць інфармацыі і, натуральна, той культурны прадукт прыходзіць да нас з Расіі. Таму, калі мы ўкладаем грошы ў папулярызацыю таго ж рускамоўнага прадукту, то мы працуем на інтарэсы іншай культуры. Калісьці ва Ўэльсе нацыянальную культуру, што пачала прыходзіць у заняпад, удалося папулярызаваць. Гэта адбылося агульнымі намаганнямі музыкаў, акцёраў, радыёстанцый, дзяржавы. На гэта спатрэбілася дваццаць гадоў! Але гэта была праца аб’яднання грамадскіх ініцыятываў і дзяржавы па папулярызацыі сваёй роднай культуры.
Еўрарадыё: Можа, нашы чыноўнікі былі б ужо гатовыя да культурнага дыялогу?
Алена Макоўская: Мы не страчваем надзеі, што ўсё ж атрымаецца зладзіць такі ўмоўны круглы стол. Але, на жаль, цяпер у бальшыні беларускіх чыноўнікаў беларуская культура асацыюецца з фальклорам, з вёскай. Я не супраць фальклору, але было б лепей, каб перадачы пра беларускую кухню вялі не жанчыны ў нацыянальных строях, а маладыя дзяўчаты ў джынсах. Гэта больш папулярызавала б беларускую культуру. Стэрэатыпы павінны быць замененыя сучаснымі вобразамі беларускай культуры. Гэтыя вобразы ёсць. Культура развіваецца – і літаратура, і музыка… Мы спадзяемся, што абвешчаны год кнігі дасць нагоду да такога дыялогу. Тым больш, калі дзяржава хоча, каб культура прыносіла прыбытак.
Фота nn.by