Марціновіч: Нават прапагандыст мусіць заставацца чалавекам
Намеснік галоўнага рэдактара "Белгазеты" Віктар Марціновіч у сваім блогу прапанаваў не лічыць прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ з "чорнага спісу" журналістамі.
Еўрарадыё: Вы не лічыце журналістаў, унесеных у спіс неўязных у Еўрасаюз, журналістамі. Чаму?
Марціновіч:
Асноўны сэнс майго допісу ў тым, што не варта разважаць пра тое, як мог
Еўрасаюз унесці ў спіс неўязных 10 беларускіх журналістаў. Людзі, якія ў
гэты спіс трапілі, на маё разуменне слова "журналіст", журналістамі не
з'яўляюцца. Ці варта называць адным словам прафесійнай прыгоднасці іх і
тых людзей, якія пакутуюць ад рэпрэсіяў, якія вымушаныя ехаць у Польшчу,
каб працаваць, каб проста выконваць свае прафесійныя абавязкі? Мне
здаецца, што няварта. Гэта проста нелагічна, што для пазначэння гэтых
дзвюх катэгорыяў прафесійнай дзейнасці павінны быць нейкія два словы. Бо
не можа адно і тое ж слова азначаць два паняткі, якія з'яўляюцца
супрацьлеглымі. А ў выпадку з Беларуссю мы маем менавіта такую сітуацыю.
Еўрарадыё: Хто можа лічыцца журналістам?
Марціновіч:
Я б вось так вызначыў журналіста: прапагандыст — не прапагандыст,
незалежны — не незалежны. Ён у першую чаргу мусіць быць чалавекам. Калі
ты чалавек, дык ты нават прапагандай будзеш займацца па-чалавечы. Тая
сітуацыя, тая Беларусь, у якой мы жывем пасля 19 снежня, яна больш не
пакідае чалавецкасці для тых, хто бароніць тое, што адбываецца.
Еўрарадыё: З якой мэтай вы напісалі пра гэта ў свой блог?
Марціновіч: Я напісаў гэты допіс у блогу
менавіта ў разліку на тое, што хтосьці пачуе і зробіць высновы. Пакуль
што момант такі, што канчатковага падзелу на людзей і не-людзей не
адбылося. Мне здаецца, што ёсць яшчэ шанец паразумецца. Пералік тых, хто
паводзіў сябе, прабачце, як людзі, з якімі цяжка будзе зараз
размаўляць, ён не вельмі вялікі, мы бачылі гэты спіс. Ва ўсіх астатніх
ёсць шанец, я спадзяюся, што гэта спрацуе як нейкае нагадванне пра
чалавечасць.
Фота: Радыё "Свабода"