Марына Адамовіч: “Статкевіч “можа выйсці” на волю з Акрэсціна 3 траўня ў 17.10”
Зніклы ўвечары 28 красавіка Мікалай Статкевіч “знайшоўся” на наступны дзень ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна. 29 красавіка жонка палітыка Марына Адамовіч разам з адвакатам больш за 5 гадзін правяла пад дзвярыма ЦІП, але больш ніякай інфармацыі пра лёс Мікалая Статкевіча не даведалася. У выніку а 9 гадзіне вечера адвакат напісала скаргу на дзеянне адміністрацыі цэнтра ізаляцыі, якая парушае права Статкевіча на атрыманне юрыдычнай дапамогі, паведаміла Еўрарадыё Марына Адамовіч.
“Сёння, 30 красавіка, я ізноўку была на Акрэсціна і мне паведамілі меркаваны час вызвалення Міколы. Толькі гэта – больш ніякай інфармацыі няма”, – кажа Адамовіч.
“Знікненне” Статкевіча адбылося напярэдадні несанкцыянаванай акцыі 1 траўня, на якую ён заклікаў грамадзян.
За гэтую вясну Статкевіча ўжо другі раз нейтралізуюць падобным чынам перад вулічнай акцыяй. Першы раз яго затрымалі супрацоўнікі КДБ перад 25 сакавіка. Тады яны заяўлялі жонцы палітыка, што не маюць пра яго ніякіх звестак.