"Маштаб рэпрэсій беспрэцэдэнтны" — праваабаронцы пра становішча адвакатаў у РБ

Некалькі адвакатаў за сваю прафесійную дзейнасць апынуліся за кратамі, ілюстрацыйнае фота

Некалькі адвакатаў за сваю прафесійную дзейнасць апынуліся за кратамі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала даклад, прысвечаны становішчу адвакатаў у Беларусі. Вытрымкі прыводзіць рэсурс "Позірк". У дакладзе адзначаецца, што рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў у Беларусі "не з'яўляюцца чымсьці новым", але "маштаб і жорсткасць [цяперашняй] хвалі рэпрэсій — беспрэцэдэнтныя". На думку аўтараў дакладу, адбыўся "амаль поўны захоп юрыдычнай прафесіі ў Беларусі".

Адвакаты, якія вырашаюцца прадстаўляць інтарэсы грамадзянаў у палітычна матываваных справах, зазнаюць "пераслед, адвольнае адкліканне іх ліцэнзій, затрыманні і адміністрацыйныя абвінавачанні, а таксама палітычна матываваны крымінальны пераслед". У выніку шэраг адвакатаў самі апынуліся за кратамі — у тым ліку Максім Знак, Аляксандр Данілевіч, Анастасія Лазарэнка і іншыя. На думку аўтараў дакладу, "беларускія ўлады ператварылі юрыдычную сістэму ў насмешку над правасуддзем, пазбавіўшы беларусаў права на справядлівае судовае разбіральніцтва і роўную абарону перад законам".

У Human Rights Watch падлічылі, што з 2020 года больш за 140 адвакатаў былі пазбаўленыя адвакацкага статусу. Арганізацыя заклікала ўлады Беларусі неадкладна "спыніць сістэматычнае затрыманне і судовы пераслед усіх, хто мірна ажыццяўляе свае правы і свабоды", спыніць усе пераследы і ўмяшанне ў дзейнасць адвакатаў і аднавіць ліцэнзіі ўсім адвакатам, якія пазбавіліся іх за сваю прафесійную дзейнасць.

Нагадаем, ціск на адвакатуру ў Беларусі пачаўся пасля прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. З пачатку 2020 года, паводле звестак ініцыятывы "Права на абарону", колькасць адвакатаў у Беларусі скарацілася з 2 200 да 1 650.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі