Міністр спорту затрымаў новыя мячы для чэмпіянату Беларусі па футболе — СМІ

Федэрацыі футбола давялося купіць мячы для першага матчу / Скриншот видео
Як стала вядома "Трыбуне", міністр спорту Сяргей Кавальчук ужо месяц блакуе размытненне новых афіцыйных мячоў для чэмпіянату Беларусі ў Вышэйшай лізе. Федэрацыя футбола для першага матчу турніру закупіла за свае грошы 9 штук, каб каманды маглі згуляць новымі мячамі.
Паводле інфармацыі "Трыбуны", супрацьстаянне міністра і АБФФ доўжыцца ўжо месяц. Выраб і дастаўку 1000 мячоў для Вышэйшай лігі аплаціла УЕФА ў рамках праграмы дапамогі нацыянальным федэрацыям. Упершыню ў гісторыі для беларускага чэмпіянату быў створаны ўнікальны дызайн — у чырвона-зялёных колерах.
Паводле закона, спартыўны інвентар, які ўвозіцца для федэрацый, павінен атрымаць ухвалу ад Міністэрства спорту. Паводле звестак крыніц "Трыбуны", Кавальчук проста адмовіўся падпісваць дазвол на размытнёўку. Без тлумачэнняў. Міністр проста не ставіць подпісы — і ўсё. Калі ён гэта зробіць (і ці зробіць наогул), ніхто не ведае.
Каб правесці стартавы матч сезона паміж "Мінскам" і "Нафтанам", федэрацыя футбола тэрмінова купіла дзевяць мячоў за свой кошт. Астатнія гульні, імаверна, будуць праходзіць са старымі мячамі.
Адзначым, што трэнер "Мінска" Арцём Чалядзінскі пасля гульні заявіў, што позняя пастаўка мячоў паўплывала на гульню. "Мы атрымалі мячы толькі ў дзень матчу — упершыню такое бачу", — абураўся трэнер.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.