ААН прызнала неправамерным пазбаўленне волі Максіма Знака
Пазбаўленне волі Максіма Знака было неправамерным. Адпаведнае рашэнне прыняла Рабочая група па адвольных затрыманнях ААН, паведамляе юрыст Дзмітрый Лаеўскі.
Орган ААН разглядаў скаргу, якую абарона Максіма Знака падала яшчэ 4 кастрычніка 2020 года. У красавіку 2022-га меркаванне Рабочай групы наконт затрымання Знака было зацверджанае, а 21 траўня — накіраванае ўладам Беларусі.
Рабочая група па адвольных затрыманнях ААН заяўляе, пры пазбаўленні Максіма Знака волі былі парушаныя артыкулы 7, 9, 10, 11, 19, 20 і 21 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулы 9, 14, 19, 22, 25 і 26 пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Затрыманне Знака эксперты ААН лічаць адвольным.
На іх думку, затрыманага Максіма Знака трэба неадкладна вызваліць і даць яму права на кампенсацыю. Рабочая група ААН заклікае ўрад Беларусі прыняць тэрміновыя захады для неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітвязня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.