Маск мяняе лагатып Twitter
Ілан Маск вырашыў правесці рэбрэндынг Twitter / Reuters
Уладальнік Twitter мільярдэр Ілан Маск хоча змяніць лагатып Twitter і каляровую гаму сацсеткі з сіняга на чорны. Уліковы запіс Маска і афіцыйны рахунак кампаніі ўжо змянілі свае аватары на стылізаваную літару X на чорным фоне. Напярэдадні бізнэсмэн папрасіў карыстальнікаў выказацца наконт ідэі, піша Reuters. "Неўзабаве мы развітаемся з брэндам Twitter і, паступова, з усімі птушкамі", — заявіў Маск. Позна ўвечары ў нядзелю новы генеральны дырэктар Twitter Лінда Якарына напісала ў Twitter, што "гэта выключна рэдкая рэч — у жыцці або ў бізнесе, — калі вам даецца другі шанец зрабіць яшчэ адно вялікае ўражанне". Паводле яе слоў, стары Twitter зрабіў велізарнае ўражанне і змяніў спосаб нашых зносін, але X "пойдзе далей".
Пры гэтым рэкламныя бюджэты сацсеткі за Маскам працягваюць падаць. Ён купіў Twitter у кастрычніку і пачаў рэвалюцыйныя пераўтварэнні. Нядаўна бізнесовец прызнаў, што даходы ад рэкламы застаюцца амаль удвая меншымі, чым раней. Між тым дырэктар па даследаваннях Forrester Майк Проўлкс выказаў здагадку, што рэбрэндынг можа яшчэ больш адштурхнуць калісьці неймаверна лаяльную базу карыстальнікаў Twitter.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.