Маскоўскі патрыярхат РПЦ: спадзяемся, украінцы не будуць супраціўляцца
Кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы называе ўвод расійскіх войскаў ва Украіну “міратворчай місіяй”.
Пра гэта заявіў кіраўнік сінадальнага Аддзелу па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства пратаірэй Усевалад Чаплін.
“Яшчэ ў 1995 годзе Сусветны рускі народны сабор заявіў, што рускі народ — падзеленая нацыя на сваёй гістарычнай тэрыторыі, якая мае права на ўз’яднанне ў адзіным дзяржаўным целе, што з’яўляецца агульнапрызнанай нормай міжнароднай палітыкі”, — цытуе царкоўнага дзеяча “Украінская праўда”.
Пратаірэй таксама выказаў спадзяванне, што “права гэтых людзей на іх самастойны, свабодны цывілізацыйны выбар будзе гарантаванае”.
“Адначасова будзем спадзявацца і на тое, што місія расійскіх вайскоўцаў па абароне свабоды і самабытнасці гэтых людзей і самога іх жыцця не сустрэне жорсткага супраціву, які прывядзе да буйнамаштабных сутыкненняў”, — сказаў святар.
Раней кіраўніцтва Украінскай праваслаўнай царквы, якая падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату, звярнулася да патрыярха Кірыла з просьбай не дапусціць кровапраліцця на тэрыторыі Украіны, а таксама “ўзвысіць свой голас аб захаванні цэласнасці тэрыторыі Украінскай дзяржавы”.