Майстар цэха БАТЭ выйграў у латарэю 3 мільярды рублёў
У размове з Еўрарадыё, ён распавёў, што пакуль не ведае, куды падзене 750 сваіх заробкаў, але перажывае, што грошы могуць абясцэніцца.
Майстар цэха Барысаўскага завода аўтатрактарнага электраабсталявання (БАТЭ) Генадзь Дзятко выйграў у латарэю 3 мільярды рублёў. Куды ён падзене 750 сваіх заробкаў, мужчына пакуль не ведае. Ад такой сумы разгубіўся. Дый выйгрышу не чакаў. Латарэйны білет набыў у краме.
“Ішоў з працы, зайшоў ва ўнівермаг і да 8 сакавіка набыў па два білецікі рознага лато. У нас такая традыцыя: жонка мне на 23 лютага дарыла білеты, на Новы год ёсць традыцыя дарыць білецікі. А я ў той раз набыў білеты жонцы і дачцэ. Бо добрыя прызы былі. Білеты адклалі, а на 8 сакавіка жонка з дачкой глядзелі цэлы дзень серыял, таму прамы эфір гульні не бачылі. А потым ўжо даведаліся, — распавядае мільярдэр. — Цікава, што на працы жонка сказала, каб Бог пакараў яе кватэрай і мільярдам рублёў. На працы з гэтага пасмяяліся, а потым мы выйгралі”.
Куды падзене грошы (а гэта больш за 200 тысяч долараў), беларус-мільярдэр пакуль не ведае. Такіх грошай ніколі ў руках не трымаў, бо заробак на працы, як прызнаецца Генадзь, не вялікі — 3-4 мільёны па прадпрыемстве, якое цяпер працуе скарочаны тыдзень.
“Няхай усё ўляжацца, супакоіцца, тады буду думаць, куды грошы падзець. Яшчэ не думаў, ці мяняць іх у валюту. Хоць я ведаю, былі выпадкі, здаецца ў 2011 годзе, калі чалавек выйграў недзе мільярд, нікуды іх не перавёў, а потым долар вырас і грошы абясцэніліся”, — кажа Генадзь.
Сваю машыну “Рэно Лагуна” мільярдэр мяняць не збіраецца, кватэра пабудаваная. Грошы пойдуць на адукацыю дачкі, цяпер ёй 10 гадоў. А спярша Генадзь разам з жонкай Людмілай плануе адпачыць.
“Такая сума спачатку насцярожвае. А вось сама перамога — гэта радуе”, — кажа Генадзь.
Па 10 мільёнаў сям’я ахвяравала царкве і касцёлу. Генадзь лічыць, што гэта яго ўнёсак у развіццё духоўнасці і свайго, і будучага пакалення.
Фота — pikabu.ru