Медыкі чакаюць бум ВРВІ
Пакуль халоднае надвор'е выклікала толькі лёгкія прастуды, але ўжо праз 2-3 тыдні чакаецца сезонны рост захворванняў. А прышчэпку ад грыпу можна зрабіць ужо сён
Пра гэта Еўрарадыё распавяла загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка:
"Тэндэнцыя
такая намецілася, але пакуль казаць пра нейкі пад'ём яшчэ рана. Мы
чакаем, што тыдні праз два пачнуцца захворванні. Тут нават не столькі
холад правакуе, хаця і ён таксама, — а вось тое, што дзеці пайшлі ў
школы, дзіцячыя садкі, яны канцэнтруюцца, камунікуюць адзін з адным… А
пасля лета кожны прыехаў са сваімі вірусамі і мікробамі, пачынаецца
інтэнсіўны абмен мікрафлорай. І гэта заўсёды суправаджаецца пачаткам
сезоннага ўздыму захворванняў ВРВІ".
Ужо цяпер людзі
пачынаюць хварэць, але пакуль гэта звычайная прастуда, якая, як правіла,
праходзіць у больш лёгкай форме, нават без тэмпературы, працягвае Алена Фісенка:
"Так,
пачынаецца, але гэта яшчэ нават не ВРВІ, гэта так званыя рэспіраторныя
інфекцыі. Як правіла, яны нават без тэмпературы праходзяць, як звычайная
прастуда.
Класічныя грыпападобныя захворванні, рэспіраторныя —
гэта трошку пазней ідзе. Пакуль у нас няма нейкіх адхіленняў у сувязі з
рэзкім пахаладаннем. Гэтага мы не прасочваем. Хутчэй за ўсё, сезонны
пад'ём захворванняў будзе праз 2-3 тыдні".
Тое, што наплыў пацыентаў пакуль не вельмі заўважны, пацвердзілі Еўрарадыё і ў мінскіх паліклініках.
Паліклініка №23: "Няма такога, нічога такога незаўважна. Росту ВРВІ няма".
Паліклініка №5: "Мы
гэтага не адчулі. Пакуль народ заняты пачаткам навучальнага года. Усе
вы гэта адчулі па корках на дарогах сёння і ўчора. Таму ў нас пакуль
пацыентаў больш не стала. Гэта яшчэ не такое моцнае пахаладанне".
Тым часам пры жаданні прышчэпкі ад грыпу ў Мінску можна рабіць ужо зараз.
Алена Фісенка: "Прышчэпкі
ў Мінску ўжо можна зрабіць, прывезлі вакцыну для камерцыйнага
выкарыстання, вакцыну для групаў рызыкі мы чакаем на працягу бліжэйшага
тыдня-двух. А ў прынцыпе, у нас ужо пачынаецца кампанія імунізацыі за
кошт сродкаў арганізацый і прадпрыемстваў.
У паліклінікі ўжо
пайшла інфармацыя пра тое, што ёсць вакцына і што яны ўжо могуць
пачынаць аказваць паслугі насельніцтву па вакцынацыі".
Загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка дала парады слухачам Еўрарадыё, як засцерагчы сябе ад прастуды:
"Самае
галоўнае — гэта апранацца па надвор'і, таму што пераахалоджванне
арганізма — стрэс для імунітэту. Справакаваць зніжэнне імунітэту можа і
халадавы стрэс, і мокрыя ногі, і калі пад дажджом прамокніце".
Фота: photo.bymedia.net