Меркель: ціск на Лукашэнку будзе працягвацца, пакуль не пачнуцца змены

Меркель: ціск на Лукашэнку будзе працягвацца, пакуль не пачнуцца змены

28 чэрвеня канцлер Германіі Ангела Меркель выказалася пра санкцыі, уведзеныя супраць уладаў Беларусі. Яна выступала па відэасувязі на франка-германскай парламенцкай асамблеі і нагадала пра ўведзены санкцыйны рэжым, які "толькі-толькі пачынае аказваць уздзеянне" на афіцыйны Мінск і Аляксандра Лукашэнку.

"Мы ўвялі персанальныя і эканамічныя санкцыі, у прыватнасці супраць авіякампаній, а таксама асноўных галін [эканомікі], цытуе словы Меркель ТАСС. — ...Гэта значыць, мы ўвялі ў дзеянне ўсёабдымны санкцыйны рэжым".

Ангела Меркель паабяцала, што ціск не аслабне, "пакуль сітуацыя ў Беларусі не зменіцца".

Французскі прэм'ер-міністр Жан Кастэкс заявіў, што яго краіна гатовая падтрымаць і больш жорсткія санкцыі.

Пасля прыняцця чацвёртага пакета санкцый, ЕС ухваліў сектаральныя эканамічныя санкцыі супраць уладаў Беларусі. Яны закранаюць нафтаперапрацоўку, экспарт калійных ўгнаенняў, банкаўскую сферу, тытунёвы бізнес. Між іншым, сектаральнымі санкцыямі беларускім дзяржбанкам абмежаваны доступ на рынак капіталу Еўрасаюза, забароненыя страхаванне і перастрахаванне.

Еўрасаюз найперш патрабуе вызвалення палітвязняў, спынення рэпрэсій, правядзення новых выбараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі