Мігранты гатовыя вярнуцца дадому, але іх выштурхваюць з Беларусі, кажуць у Рызе
Мігранты на латвійска-беларускай мяжы / Reuters
Многія мігранты, якія спрабуюць трапіць у Латвію з Беларусі, былі гатовыя вярнуцца дадому, але іх выштурхоўвалі з Беларусі сілай. Пра гэта ў эфіры Латвійскага радыё са спасылкай на размовы з мігрантамі заявіў начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Гунціс Пуятс, піша DELFI.
Латвія, гэтак жа як Літва і Польшча, сутыкнулася ў апошнія месяцы з вялікай плынню нелегальных мігрантаў. Гаворка пра выхадцащ з Афрыкі і Блізкага Усходу, якія спрабуюць трапіць у прыбалтыйскія краіны і Польшчу з тэрыторыі Беларусі.
Да паўночы нядзелі латвійскія памежнікі вярнулі ў Беларусь ужо 395 парушальнікаў мяжы. Больш за ўсё мігрантаў было спынена ў мінулы чацвер — 101 чалавек.
Мігранты, з якімі размаўлялі латвійскія памежнікі, казалі, што гатовыя вярнуцца дадому ў Ірак, але "беларусы іх штурхалі праз мяжу сілай".
Латвія следам за Літвой вымушаная была абвясціць рэжым надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю. Надзвычайнае становішча будзе дзейнічаць у памежных з Беларуссю раёнах з 11 жніўня да 10 лістапада. На дапамогу памежнікам накіраваныя вайскоўцы і паліцыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.