Мікола Статкевіч папрасіўся ў адзіночную камеру
Ён лічыць, што яго жыццё ў небяспецы.
Паводле Статкевіча, небяспека тлумачылася тым, што разам з ім у камеры быў іншы вязень, на якога ў выпадку адмысловай правакацыі адміністрацыя магла ўскласці адказнасць. Пра гэта Мікалай Статкевіч напісаў жонцы Марыне Адамовіч:
“Вырашыў больш не сядзець са сваім суседам. Прэтэнзій да яго ня маю, нават лічу, што за 12 гадоў чалавек сваё адсядзеў і яго можна было б адпусціць дахаты, каб паспеў яшчэ нарадзіць і выхаваць дзяцей. Але і так я прасядзеў разам з ім доўга. Каб разысціся з ім, напісаў заяву аб пагрозе бяспецы і аб утрыманні мяне далей у адзіночцы. Ні з кім болей сядзець не хачу, бо тут сапраўды можа ўзнікнуць пагроза бяспецы ў сувязі з сітуацыяй на волі. Эканамічнае становішча пагаршаецца, трымаць мяне тут усё даражэй, а выпусціць — страшней. Таму расце імавернасьць усялякіх сюрпрызаў. У такіх варунках хацеў паменшыць колькасць крыніц, ад якіх гэтыя сюрпрызы могуць з’явіцца да аднаго — там, дзе дзверы ў камеру”, — адзначыў ён у лісце да жонкі.
Былы кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч адбывае пакаранне ў Магілёўскай крытай турме, дзе яму давядзецца адбыць яшчэ каля году, а тады магчымае вяртанне ў калонію. Ён асуджаны за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 году на 6 гадоў зняволення — да канца 2016 году. Пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі МіколаСтаткевіч адмаўляецца, нагадвае Радыё Свабода.