Міліцыя пра затрыманні ў Гродне: быў канфлікт, пры якім пацярпеў супрацоўнік МУС
Гродзенская міліцыя пракаментавала прыхільнікам Сяргея Ціханоўскага затрыманні.
Прадстаўнік аддзялення міліцыі выйшаў да гродзенцаў і заявіў, што адбыўся канфлікт, падчас якога пацярпеў супрацоўнік МУС.
"Усе ўдзельнікі канфлікту затрыманыя і дастаўленыя ў органы ўнутраных спраў. З улікам значнай колькасці асоб, якія затрыманыя ў выніку гэтага канфлікту, і сведкі, і відавочцы, якія звярнуліся да супрацоўнікаў унутраных спраў, — усе дастаўленыя ў органы ўнутраных спраў, з імі праводзіцца разбіральніцтва. Па заканчэнні будзе дадзеная прававая ацэнка", — паведаміў ён.
29 траўня ў Гродне падчас выбарчых пікетаў быў затрыманы блогер Сяргей Ціханоўскі. Спярша да яго чапляліся дзве жанчыны з правакацыйнымі пытаннямі. Потым яны выклікалі міліцыю і заявілі, што той не хоча адказваць на іх пытанні і сыходзіць. Калі міліцыянты паспрабавалі затрымаць блогера, гродзенцы сталі ім перашкаджаць. У сумятні адзін з міліцыянтаў зваліўся на зямлю.
Пасля гэтага Ціханоўскага і некалькі яго прыхільнікаў затрымаў АМАП.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.