Міліцыя заяўляе, што не выкідала затрыманую юрыстку ў лесе
Міліцыя абвяргае агучаную раней інфармацыю, быццам яе прадстаўнікі выкінулі ў лесе затрыманую юрыстку. Пра гэта ў каментары Радыё "Свабода" паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкаму Сяргей Басько. Па яго словах, міліцыянты выпусцілі жанчыну з участку, а не выкідалі ўначы ўначы ў лесе. А кайданкі ёй начапілі пасля прынамсі пяці законных патрабаванняў праехаць на медагляд.
Пра інцыдэнт з юрысткай стала вядома ў нядзелю, 19 жніўня. Жанчына распавяла, што яе затрымалі ўначы каля дома сястры ў Гатаве. Разам з ёй затрымалі сястру і мужа. Жанчына кажа, што іх пратрымалі ў пастарунку нейкі час, а потым вывезлі ў лес і адпусцілі.
Паводле версіі УУС Мінаблвыканкаму, 18 жніўня ў 22.50 у міліцыю паскардзілася жыхарка шматкватэрнага дома ў Гатаве, што ў суседняй кватэры гучна грае музыка і шумяць. Суседка прасіла кампанію пацішыць музыку, але, па словах міліцыянтаў, пачула абразы, а жанчына, якая з ёй сварылася, заяўляла, што яна сама юрыстка.
Міліцыя прыехала, калі кампанія ўжо разыходзілася. Па словах міліцыянтаў, жанчына адмовілася назваць сваё імя і груба выказалася на адрас міліцыі. Ёй прапанавалі праехаць у Мачулішчанскі аддзел міліцыі для высвятлення асобы, бо яна адмаўлялася назваць сябе. Міліцыянты заяўляюць, што затрыманая жанчына разам з сястрой і мужам сястры самі паехалі ў міліцыю, прычым без супраціву. Там юрыстка ўрэшце назвала сябе. Але адмовілася ехаць на медагляд.
Міліцыянты заяўляюць, што пасля пяці дарэмных спробаў праехаць на медагляд на жанчыну начапілі кайданкі за непадпарадкаванне. "Пасля наведвання медустановы было вырашана яе адпусціць. Жанчыну зноў даставілі ва ўчастак, аддалі асабістыя рэчы і тэлефон і папрасілі пакінуць памяшканне. Але жанчына запатрабавала даставіць яе на службовай машыне дадому. Міліцыя ж не служба таксі. Урэшце сястра вывела жанчыну літаральна за руку з участку. Ні ў які лес яе не вывозілі", — заяўляе прадстаўнік мінскай абласной міліцыі.
Па яго словах, у міліцыі ёсць некалькі відэа, як жанчына размаўляе з супрацоўнікамі міліцыі, як яе дастаўляюць без кайданкоў у Мачулішчанскі аддзел, як у кайданках вязуць у медустанову, як выпусцілі з будынка міліцыі. Пры гэтым у яе сваякоў быў тэлефон, яны разам кудысьці тэлефанавалі.
Праверку гэтай справы праводзіць і кіраўніцтва УУС Мінаблвыканкаму, і служба ўласнай бяспекі.