Мілінкевіч у Бруселі: Не трэба ізаляваць Беларусь разам з Расіяй
Старшыня руху "За Свабоду" 1 красавіка выступіў на пасяджэнні рабочай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства.
"Сёння можа адкрыцца новае акно магчымасцяў для паляпшэння адносінаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю, як гэта было ў 2008 годзе, — цытуе словы Аляксандра Мілінкевіча БелаПАН. — Неабходна працягваць дзейнасць згодна з парадкам дня, акрэсленым на Віленскім саміце Усходняга партнёрства: візавыя пытанні, ахова межаў, абмеркаванне мадэрнізацыі і гэтак далей. Упершыню за многія гады сфарміраваны такі канструктыўны парадак дня. Нельга дапусціць, каб каляўкраінскія падзеі і яго паламалі".
Выступаючы на пасяджэнні камітэта па замежнай палітыцы Еўрапарламента, Мілінкевіч зазначыў, што Беларусь "заняла добрасуседскую палітыку адносна Украіны". "У прыватнасці прызнаная новая ўлада і робяцца спробы прапанаваць пасрэдніцтва паміж Кіевам і Масквой, — сказаў Мілінкевіч. — Гэта ёсць праява правядзення незалежнай палітыкі, таму не трэба ізаляваць Беларусь разам з Расіяй з-за нашумелага галасавання ў Генасамблеі ААН па Украіне".
Нагадаем, Беларусь у ліку 11 краін прагаласавала супраць рэзалюцыі аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
Мілінкевіч таксама падкрэсліў, што з парадку дня перамоў паміж Беларуссю і ЕС не павінна знікнуць праблема беларускіх палітзняволеных.
Фота — Fotolia