Мінчанцы, якая ў тралейбусе ўкусіла амапаўца, прысудзілі 8 месяцаў калоніі

Мінчанцы, якая ў тралейбусе ўкусіла амапаўца, прысудзілі 8 месяцаў калоніі

25 лютага суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў Наталлю Раентаву на восем месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Таксама яна павінна заплаціць пацярпеламу супрацоўніку АМАП Андрэю Хомічу 2000 рублёў, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Пракурор прасіў прызначыць два гады пазбаўлення волі.

Сам інцыдэнт адбыўся 29 жніўня. Пры затрыманні пасля Жаночага маршу салідарнасці 29-гадовая Раентава ўкусіла амапаўца за сцягно. Відэа жорсткага затрымання трапіла на відэа і разышлося па сацсетках. Яе і брата пасля затрымання асудзілі па адміністрацыйным артыкуле, а потым на Наталлю пачалі крымінальную справу.

У сваім апошнім слове Раентава сказала, што ўкусіла амапаўца ў стане стрэсу і афекту. Яна паведаміла, што раскайваецца ў зробленым, але віну не прызнала. (Судова-псіхалагічная экспертыза, дарэчы, паказала, што падчас укусу жанчына ў поўнай меры ўсведамляла свае дзеянні і не была ў стане афекту.) 

Тэрмін пакарання вылічаецца ад 29 верасня 2020 года — моманту, калі Раентава трапіла за краты. Такім чынам, ёй засталося адбыць у зняволенні тры месяцы. 

Брат Наталлі Аляксандр таксама быў затрыманы 29 жніўня ў тралейбусе разам з сястрой. Ён хадзіў на яе суд, але на пачатку снежня яго самога затрымалі па крымінальнай справы паводле артыкула 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Любоў Раентава, маці Наталлі і Аляксандра, кажа, што прычыны затрымання ёй не паведамілі, спаслаўшыся на таямніцу следства: "Ведаю толькі, што знайшлі нейкае фота, дзе Саша на "Плошчы Пераменаў", забралі яго на пачатку снежня, прыйшлі за ім дадому і павезлі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі