Мінчане скардзяцца на ржавую і хлараваную ваду ў кватэрах

Мінчане скардзяцца на ржавую і хлараваную ваду ў кватэрах

Жыхары дома 107 па вуліцы Ясеніна ў сталіцы скардзяцца на ржавую ваду ў сваіх кватэрах. У рэдакцыю Еўрарадыё трапіла фатаграфія, дзе з-пад крана ў ваннай ідзе вада светла-карычневага колеру.

“Ясеніна, 107. Вось такая вада ідзе перыядычна! Немагчыма другі тыдзень выкупаць дзяцей”, — абураецца аўтар фота.

Жыхары дома расказалі Еўрарадыё, што тыдзень таму ў доме адключалі гарачую ваду. А як уключылі, дык вада доўгі час не магла прыйсці да нормы: “Літаральна днямі была брудная. Цяпер нармальная ідзе. Былі на працы, але дзеці кажуць, што вада ішла вельмі ржавая”.

Што праўда, не ўсім жыхарам пашчасціла з чыстай вадой пасля рамонту. У рэдакцыю Еўрарадыё патэлефанавала жыхарка таго ж дома № 107 па вуліцы Ясеніна, якая паскардзілася, што замест вады з-пад крана ў яе ідзе хлёрка.       

“Вада нясмачная, брудная і смярдзючая, проста няма слоў, — абураецца жанчына. — Бываю ў іншых раёнах, але толькі ў нас такое. Адкрываеш кран — жывая хлёрка. Дзеці ваду з лецішча прывозяць ці купляю. Вядома, кіпячу, адстойваю, а потым толькі п’ю”.

Маскоўскі раён Мінска, у якім знаходзіцца вуліца Ясеніна, — адзін з чатырох сталічных раёнаў, якія атрымліваюць ваду не з артэзіянскіх свідравін, а з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. З водаправоднай станцыі вада ідзе па трубах і потым апрацоўваецца хлорам. Таксама такая вада цячэ ў Фрунзенскім, частцы Кастрычніцкага і частцы Цэнтральнага раёнаў.

Кіраўніцтва ЖЭС №109, які абслугоўвае дамы па вуліцы Ясеніна, расказвае Еўрарадыё, што брудная вада магла ісці толькі адзін раз — у канцы кастрычніка.

“Адключалі 30 кастрычніка. А калі запускалі ваду, дык у гэты час магла ісці ржавая. Пакуль прамыюцца трубы. На гэта, можа, 20-30 хвілін трэба. Але цяпер такога не можа быць. Ясеніна, 107 вялікі дом, таму няхай гавораць кватэру, будзем глядзець”, — расказалі Еўрарадыё ў ЖЭСе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі