Мінчукі шукаюць сабаку і яго гаспадара, затрыманага на Дзень Волі

Мінчукі шукаюць сабаку і яго гаспадара, затрыманага на Дзень Волі

25 сакавіка падчас "хапуна" ў Мінску міліцыя затрымала мужчыну з сабакам на павадку. Гэта адбылося на плошчы Калініна: каля 14:00 многа людзей прыйшло туды з боку Акадэміі навук, дзе ўдзельнікам шэсця так і не дазволілі сабрацца. Туды ж пад'ехалі і аўтазакі з "касманаўтамі".

Выглядае на тое, што мужчына не збіраўся ўдзельнічаць у акцыі, а проста гуляў з сабакам і падышоў паглядзець, што адбываецца. Па адных звестках, яго затрымалі аднаго. Па іншых — закінулі ў аўтазак разам з сабакам, якога выпусцілі з машыны пасля, у іншым месцы горада.

Мы не ведаем ні прозвішча мужчыны, ні яго лёс: у якое аддзяленне міліцыі яго павезлі і як пакаралі. Таксама не вядома, што адбылося з сабакам: абаронцы жывёл шукаюць яго ўжо пяты дзень.

"Мне шмат адкуль тэлефануюць, пішуць людзі. Я б з'ездзіла і паглядзела. Але ж ніхто не ведае, як выглядае сабака, бо фатаграфіі незразумелыя. Хутчэй за ўсё, гэта нямецкая аўчарка", — распавядае Еўрарадыё Паліна, якая каардынуе пошукі.

Мінчукі шукаюць сабаку і яго гаспадара, затрыманага на Дзень Волі
Фота са старонкі Любові Лунёвай у Facebook

Сабака, які застаўся адзін на вуліцы, мог бы трапіць у "Фаўну горада" на вуліцы Гурскага. Па нашых звестках, сабака, падобны да гэтага, там ёсць, але трапіў у прытулак за два дні да 25 сакавіка.

"У нас там ёсць [сабакі], падобныя да аўчарак. Але яны прыехалі 15-га", — дадаюць у "Фаўне горада".

Калі вы бачылі, як 25 сакавіка на плошчы Калініна ў Мінску затрымліваюць мужчыну з сабакам, маеце фота ці відэа гэтага затрымання, скантактуйцеся, калі ласка, з намі па тэлефоне (+375 17 3212296), па электроннай пошце ([email protected]) ці праз сацсеткі: FB ды ВК.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі