Мінгандлю: Непасрэднай забароны ездзіць па краме на самакаце ў законе няма

Мінгандлю: Непасрэднай забароны ездзіць па краме на самакаце ў законе няма

Дзяніс Тарманаў заязджае ў гіпермаркет "Карона" ў Мінску на самакаце і хлопца штрафуюць на 63 рублі (тры базавыя). На думку суддзі Марыі Ярохінай, ён парушыў грамадскі парадак. Чым менавіта 21-гадовы Дзяніс парушыў парадак, у судзе не тлумачаць.

Што сапраўды нельга рабіць у краме і, галоўнае, якія нормы закону гэта забараняюць. Накіроўваемся ў "Карону".

На ўваходзе стыкеры: у краме нельга здымаць відэа, заходзіць з марожаным, з сабакам, паліць, заязджаць на роліках. У інфацэнтры крамы просім інструкцыю на паперы, дзе гэтыя правіла прапісаныя. Супрацоўніца адразу знаходзіць.

"У якасці сродкаў перасоўвання НЕ ДАПУСКАЮЦЦА ролікавыя канькі, самакаты, скейт-борды і іншыя сродкі перасоўвання апроч інвалідных вазкоў, дзіцячых вазкоў", — цытуем забарону.

Фатаграфаваць можна толькі з дазволу кіраўніцтва гандлёвага цэнтра, бо "аздабленне і дызайнерскія рашэнні інтэр'ера памяшканняў гандлёвага цэнтра, расстаноўка тавару і абсталявання з'яўляецца вынікам інтэлектуальнай дзейнасці і ахоўваецца актамі заканадаўства".

У краме "Суседзі" на плошчы Незалежнасці ў сталіцы таксама вісяць стыкеры, якія забараняюць фатаграфаваць, паліць, заходзіць з сабакам і марожаным. Але калі пытаемся ў ахоўніка пра нейкія правілы на паперы, ён іх не знаходзіць. Ахоўнік мае толькі інструкцыю, датычную сваіх абавязкаў. Пра самакат тут таксама нічога няма!

У Міністэрстве гандлю нечакана мне кажуць, што крама можа не забараніць, а толькі рэкамендаваць.
"На заканадаўчым узроўні гэта нідзе не зацверджана. Таму піктаграмы, якія забараняюць здымаць на фота і відэа на ўваходзе, носяць толькі рэкамендацыйны характар", — кажуць у Мінгандлю.

Еўрарадыё: А ў гісторыі з самакатам?

Мінгандаль: Там маглі пакараць не за самакат, а за нешта іншае. Прамой забароны ездзіць па краме на самакаце ў заканадаўсвте няма. Але чалавек мусіць разумець, што калі ён нешта пашкодзіць, то мусіць кампенсаваць. Таксама ён можа парушаць правы іншых спажыўцоў, замінаць ім, напырклад.

Калі ўзнікае канфлікт з ахоўнікам у краме, звычайна, выклікаюць міліцыю. Праваахоўнікі разбіраюцца, ці парушыў пакупнік адміністрацыйны ці крымінальны кодэкс, але не ўнутраныя правілы крамы. Гэта Еўрарадыё таксама пацвярджаюць у міліцыі.

"Правамернасць гэтых забаронаў будзе залежаць ад таго, як гэта будзе абгрунтавана ў судзе. Калі парушаюцца правілы, якія ёсць на дзвярах крамы, фармальна гэта не адміністратыўнае правапарушэнне", — тлумачыць тое ж юрыст Максім Знак.

Мінгандлю: Непасрэднай забароны ездзіць па краме на самакаце ў законе няма

Дзянісу Тарманаву прысудзілі 63 рублі штрафу за самакат у “Кароне”

Абвінавачаны прыйшоў у суд Фрунзенскага раёна Мінска… з самакатам.

Дзяніс Тарманаў, які пацярпеў за самакат, збіраецца абскарджваць рашэнне суда.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі