Мінгарвыканкам не будзе рабіць падземны пераход каля ГЦ "Замак"

Мінгарвыканкам не будзе рабіць падземны пераход каля ГЦ "Замак"

Наземны пешаходны пераход каля гандлёвага цэнтра "Замак" будзе зачынены, а падземнага будаваць не будуць. Такое рашэнне прынялі сталічныя ўлады. Пра гэта піша tut.by са спасылкай на намесніка кіраўніка сталіцы Віктара Лапцева.

Пытанне пра будаўніцтва падземнага пераходу стала актуальным у сувязі з трагедыяй, якая адбылася 2 снежня. Грузавік "ЗіЛ", у якога адмовілі тармазы, урэзаўся ў групу пешаходаў: загінула 11-гадовая дзяўчынка, чатыры чалавекі трапілі ў шпіталь.  

Пасля гэтага наземны пешаходны пераход паміж выстаўным цэнтрам "Белэкспа" і гандлёвым цэнтрам "Замак" зачынілі. Адмянілі і прыпынак грамадскага транспарту насупраць "Замка". Як паведамляла Еўрарадыё, цяпер наведнікам ГЦ "Замак", якія едуць з цэнтра горада даводзіцца выходзіць на прыпынак раней або на прыпынак пазней.

У прэс-службе Мінгарвыканкама журналістам Еўрарадыё патлумачылі прычыну закрыцця наземнага пераходу: 

Прэс-служба: "У мэтах забеспячэння бяспекі пешаходаў было вырашана прыбраць наземны рэгуляваны пешаходны пераход у раёне гандлёвага цэнтра "Замак". Цяпер пераход праз праспект Пераможцаў арганізаваны па падземным пешаходным пераходзе. Рашэнне аб закрыцці пераходу прынята экспертамі па бяспецы дарожнага руху, спецыялістамі ДАІ і гарадскімі службамі".

"Неабходнасці будаўніцтва новага падземнага пераходу ў цяперашні момант няма. Калі такая неабходнасць ўзнікне, гарадскія ўлады вернуцца да разгляду гэтага пытання", — заявіў Лапцеў. Ён дадаў, што рашэнне ўзгодненае з кіраўніком Мінска Андрэем Шорцам, які цяпер знаходзіцца ў адпачынку.

Планы па будаўніцтве падземнага пераходу ад выстаўнага цэнтра "Белэкспа" да ГЦ "Замак" на Пераможцаў агучылі яшчэ ў сакавіку 2017 года. Аднак цяпер ад гэтай ідэі адмовіліся. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі