Міні-спадніцы, абцасы і аблягаючая вопратка — дрэс-код дзяржаўнай сеткі аптэк

Міні-спадніцы, абцасы і аблягаючая вопратка — дрэс-код дзяржаўнай сеткі аптэк

Супрацоўніцы дзяржаўнай сеткі аптэк “Белфармацыя” ананімна распавялі Еўрарадыё пра “стандарты абслугоўвання”, якія існуюць у іх аптэках. Уведзеныя гэтыя стандарты даволі даўно — паўтара года таму, але да пары начальства сачыла за іх выкананнем скрозь пальцы. Сітуацыя змянілася прыкладна паўгода таму. Праз адкрыты дрэс-код аптэкаркі часта хварэюць і скардзяцца на боль у нагах.

“Гэта нейкі жах! — распавядае Еўрарадыё правізарка. — Нас вымушаюць выглядаць так, нібыта мы нейкія дзяўчаты “з шашы”! Так, на прамую гэта не прапісана, але вось просты прыклад. На працы нам выдаюць службовыя халаты, даўжыня якіх — вышэй за калена. Па стандартах, мы павінны апранаць спадніцы, якія былі б не даўжэйшыя за халат. Таму, напрыклад у высокіх дзяўчат, гэтая даўжыня не перавышае палавіну сцягна!”

У супрацоўніц сталага веку гэта таксама выклікае абурэнне. Не ва ўсіх ёсць жаданне выстаўляць свае ногі на ўсеагульны агляд.

Ёсць і іншая праблема — патрабаванні да абутку. Ён павінен “дазваляць апрацоўку медыцынскімі дэзінфекуючымі рэчывамі” і пры гэтым мець абцасы. Можаце ўявіць туфлі на абцасах, якія б не псаваліся ад моцных медыцынскіх дэзінфектараў? Да таго ж, уявіце сабе, што на абцасах трэба правесці цэлы працоўны дзень!

 

Міні-спадніцы, абцасы і аблягаючая вопратка — дрэс-код дзяржаўнай сеткі аптэк
Унутраныя стандарты абслугоўвання дзяржаўнай сеткі аптэк.

“З абуткам — гэта нейкая дурасць цалкам. Якім ён павінен быць? — абураецца супрацоўніца сеткі аптэк. — Забаронены нават гумовы абутак, хаця менавіта ён з’яўляецца асноўным, напрыклад, сярод хірургаў. Паглядзіце ў інтэрнэце — большасць лекараў нават у аперацыйных пакоях ходзяць у тых жа “Кроксах”, а нам у аптэцы гэта забаронена. Дык і ў чым нам хадзіць? А наконт абцасаў — паспрабуйце залезці нават на невялічкую лесвіцу-драбіны, ды яшчэ ў міні-спадніцы. Гэта ж немагчыма!”

Не менш пытанняў і да вопраткі, якая мусіць быць пад халатам: “забараняюцца аб’ёмная і варсістая вопратка, джынсы, штаны... Колер вопраткі — аднатонны, які не кантрастуе з халатам, светлага адцення”. Атрымліваецца, што цёплыя рэчы пад забаронай нават зімой?

“Менавіта так і атрымліваецца. Прычым, пад забарону трапляюць не толькі швэдары, але і звычайныя кашаміравыя гольфы. Так, толькі за мінулую зіму амаль усе калегі захварэлі праз тое, што немагчыма цёпла апрануцца на працоўным месцы. Што замінае нармальна прапісаць гэтыя стандарты? Чаму нават хірургічныя касцюмы цяпер пад забаронай? Ды і ўрэшце рэшт, навошта такія стандарты патрэбныя? Мы павінны дапамагаць людзям, а не думаць, з якой знешнасцю і якім чынам прадаць ім нечага больш”.

Акрамя гэтага, у стандартах абслугоўвання прапісаныя патрабаванні да мэйк-апу, колеру валасоў і нават манікюру — ён павінен быць кароткі і без яркіх колераў. За невыкананне стандартаў звычайна супрацоўнікаў дэпрэмуюць, то бок пазбаўляюць амаль паловы ад таго, што атрымліваецца за месяц.

 

Міні-спадніцы, абцасы і аблягаючая вопратка — дрэс-код дзяржаўнай сеткі аптэк
Патрабаванні да знешняга выгляду супрацоўнікаў.

Крыніцы, з якімі атрымалася паразмаўляць у Еўрарадыё, сцвярджаюць, што дадзеныя стандарты былі распрацаваныя пад кіраўніцтвам дырэктара “Белфармацыі” Вячаслава Гніція, якога ў ліпені затрымалі па карупцыйнай справе. Супрацоўніцы аптэк мяркуюць, што людзі, якія распрацавалі дакумент, наўрад ці калісьці мелі досвед працы ў фармакалагічнай сферы.

Еўрарадыё звярнулася да кіраўніцтва “Белфармацыі” з пытаннем пра дрэс-код, аднак у каментарыі было адмоўлена. Санкцыю на размову с прэсай павінен даць асабіста міністр аховы здароўя, у чыё падначаленне і ўваходзіць сетка дзяржаўных аптэк.

Cтаршыня праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання “Гендарныя перспектывы” Ірына Альхоўка распавяла, што такая сітуацыя — стоадсоткавы сексізм.

“На мой погляд, гэта цалкам неабгрунтаванае патрабаванне. У аптэках працуюць у асноўным жанчыны, таму тут выразна бачнае жаданне зрабіць жанчын-супрацоўніц больш прываблівымі для наведвальнікаў. Пры гэтым наведвальнікі — гэта ж не толькі мужчыны, але кіраўніцтва разглядае сваю асноўную катэгорыю менавіта ў іх. На жаль, гэта досыць стандартны сексісцкі прыём, калі жанчыну на працы трэба зрабіць “прыгожай”, каб яна была такім прыгожым малюнкам. Адсюль і абцасы, і спадніца такога памеру”.

Па словах спецыялісткі, такога кшталту меры традыцыйна адносяцца толькі да жанчын, а акрамя таго, што дырэкцыя хоча ўпрыгожыць свой бізнес, ніякіх тлумачэнняў больш няма.

“Вось як яны абгрунтоўваюць гэта часцей за ўсё. Маўляў, гэта прыемна, калі кліенты глядзяць. Ну дык выбачайце, у аптэцы працоўнае месца не дзеля таго, каб нехта прыйшоў паглядзець, а каб аказаць дапамогу і прадаць лекі, каб чалавек набыў тое, што напісана ў рэцэпце. І толькі гэта з’яўляецца функцыяналам”.

Пакуль за вакном цёпла, дрэс-коду будзе магчыма прытрымлівацца. А вось як жанчыны будуць вымушаныя апранацца ўзімку — вялікае пытанне.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі