Міністр адукацыі каментуе звальненне Ганны Севярынец: як бацька я разумею за што
Міністр адукацыі Ігар Карпенка пракаментаваў "Нашай Ніве" звальненне настаўніцы Ганны Севярынец са Смалявіцкай гімназіі.
Як распавядала Еўрарадыё, з настаўніцай адмовіліся працягваць кантракт. Такое рашэнне дырэктар гімназіі прыняў з палітычных прычынаў. Пасля выступу Аляксандра Лукашэнкі з пагрозамі расстрэлаў, як у Андыжане, Севярынец напісала верш, які заканчваецца такімі радкамі:
І калі — хай бы хто мне сказаў, што такога не будзе —
Гэты тата аддасць загады страляць па людзях,
Я б сказала яму — для сябе мне не страшна болю —
Не думай пра мяне, страляй. Але думай пра Колю.
Па словах Севярынец, дырэктар сказаў ёй, што задача настаўніка — абслугоўваць ідэалогію, а не крытыкаваць уладу. Тым больш — першую асобу дзяржавы.
Каментуючы звальненне Севярынец, міністр заявіў: "Працягненне ці непрацягненне кантракта з работнікам установы адукацыі адносіцца непасрэдна да кампетэнцыі наймальніка. Але як чалавек, педагог і бацька, я разумею, чаму дырэктар прыняў такое рашэнне. Педагог не ў праве маніпуляваць дзецьмі, каб дагадзіць сваім палітычным поглядам. Не чапайце дзяцей, кім бы ні былі іх бацькі, і як бы вы да іх ні ставіліся".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.