Міністр Шуневіч — пра міліцыянтаў: "Прымушаем і кнігі чытаць"

Міністр Шуневіч — пра міліцыянтаў: "Прымушаем і кнігі чытаць"

Журналісты звярнулі ўвагу на нечаканае з'яўленн міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча на Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая адбываецца гэтымі днямі. Чыноўнік набыў сабе за 83 рублі гістарычны альбом на ўкраінскай мове “Князі Олельковичі-Слуцькі”, жонцы — кулінарную кнігу, дачцэ — развіваючыя кнігі.

"Увогуле, я лічу, што ў будучым мы вернемся да таго, што людзі ўсё больш і больш будуць аддаваць перавагу друкаванаму слову, а не сядзець у інтэрнэце. Сам некалькі разоў спрабаваў чытаць кнігу ў электронным выглядзе, але асалода ад гэтага не тая. Кніга, прабачце за банальнасць, — гэта лепшы сябра і лепшы настаўнік", — патлумачыў міністр..

Карэспандэнт “Народнай Волі” пацікавіўся ў Шуневіча, ці чытае ён беларускамоўную літаратуру. Міністр паведаміў, што некалькі разоў перачытаў паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. "Дарэчы, шукаў гэты твор на англійскай мове ды так і не знайшоў. Таму сёння папрасіў міністра інафрмацыі, каб такі пераклад быў зроблены. Гэта быў бы цудоўны падарунак для нашых замежных гасцей", — дадаў ён.

Менш аптымістычна гучаў адказ Шуневіча на пытанне, ці чытаюць яго падначаленыя творы на беларускай мове. "Ведаеце, усё добрае нашым людзям трэба колам убіваць у галаву. Таму, у тым ліку, прымушаем і кнігі чытаць", — прызнаўся міністр унутраных спраў.

Гэтая заява дзіўна супярэчыць словам камандзіра мінскага АМАПа Дзмітрыя Балабы, які расказваў, што пад яго кіраўніцтвам служаць "заўзятыя тэатралы, гісторыкі, знаўцы выяўленчага мастацтва". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі