Мінская і Гродзенская вобласці ўзнялі цэны на праезд у грамадскім транспарце
Аўтобус у Мінску / Еўрарадыё
Адразу на 10 капеек узнялі цэны на праезд у грамадскім транспарце ў Мінскай і Гродзенскай абласцях. Рашэнні Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў пра гэта 9 красавіка апублікаваныя на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале. Яны набылі моц пасля апублікавання.
Кошт адной паездкі на аўтобусах і тралейбусах звычайных і хуткасных маршрутаў вырас на 14% — да 80 капеек. Адна паездка на экспрэсным маршруце зараз каштуе 90 капеек, рост склаў 12,5%.
Калі набываць білеты ў кіроўцы, яны абыдуцца на 5 капеек даражэй — як і раней. Адпаведна, 85 капеек для "звычайнага" грамадскага транспарта і 95 капеек для экспрэснага.
Падаражэлі таксама праязныя білеты.
У Мінскай вобласці месцяцца такія буйныя гарады, як Маладзечна і Дзяржынск. У Гродзенскай — Гродна і Ліда.
Напярэдадні былі апублікаваныя рашэнні Брэсцкага і Гомельскага аблвыканкамаў пра падвышэнні тарыфаў на праезд у грамадскім транспарце. Там кошты таксама выраслі на 10 капеек. Чакаецца, што днямі будзе абвешчана пра падаражэнне ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях, а таксама ў горадзе Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.