Мінскі будаўнік пра выбіванне зарплаты: “Калі сказаў пра суд, грошы аддалі”
Рабочыя, якія ўзводзяць элітны раён “Маяк Мінска”, расказалі пра раптоўныя абразанні заробкаў і спосабы вяртаць заробленае.
“Спачатку салодка спявалі пра высокія зарплаты і своечасовыя выплаты. Я, як кажуць, павёўся на гэтую рэкламу і з сакавіка пайшоў працаваць у кампанію “Дана Астра”, якая “Маяк Мінска” ўзводзіць, — звярнуўся ў рэдакцыю Еўрарадыё маналітчык-арматуршчык Вадзім Шэўчык. — Мы рабілі дарожныя пліты, калонныя ўзмацненні. Дык вось, заплацілі толькі за пліты, за іншыя віды работ грошай не аддалі, сказалі, што потым. Працаваў без выхадных, днём і ноччу. А атрымаў толькі восем мільёнаў. Хоць чакалася, што будзе як мінімум 12”, — рабочы паказвае Еўрарадыё копію сваёй “Тэрміновай працоўнай дамовы”. У дакуменце прапісаная тарыфная стаўка на адзін працоўны дзень — 565 200 рублёў.
“Працавалі мы як ішакі, пазайздросціў бы нам нават Стаханаў, — працягвае Вадзім Шэўчык. — Са мной у звязцы было сямёра ўкраінцаў. Чакалася, што кожны пасля такога працоўнага марафону ў красавіку заробіць па 25 мільёнаў. А заплацілі за красавік кожнаму прыкладна па 10 млн. Ніякіх уцямных тлумачэнняў, чаму абрэзалі грошы, не давалася. Прэтэнзій наконт якасці нашай працы нам таксама ніхто не выстаўляў. А пацярпелі, як мне здаецца, дзясяткі чалавек”.
Цяпер маналітчык-арматуршчык збіраецца звяртацца ў суд, упэўнены, што пакарае былога працадаўцу. А абрэзку заробкаў тлумачыць тым, што звычайна будаўнікі не звяртаюцца да юрыстаў і не маюць імпэту змагацца за свае правы.
Еўрарадыё даведалася пра яшчэ адзін цікавы выпадак на тым жа аб’екце. Гэтым разам рабочы прыгразіў начальству судом — і ўсе недаплачаныя грошы вярнулі.
“За сакавік я атрымаў трошкі больш за 3 мільёны. Пагадзіцеся, для будаўніка лухта, — расказвае сваю гісторыю Сяргей Фёдаравіч (усе дадзеныя чалавека ёсць у рэдакцыі). — Я хадзіў да начальства вельмі доўга, і мне ў выніку даплацілі за сакавік і далі нармальную зарплату за красавік. Для гэтага я пісаў заявы, папрасіў копіі ўсіх табеляў і разліковых дакументаў. Сказаў, што для прадстаўлення ў судовыя інстанцыі. Пасля гэтага мне ўсё пераразлічылі”.
Звяртаемся ў кампанію “Дана Астра” па каментар, з якіх прычын выплаты рабочым абразаліся.
“Для гэтага ёсць чалавек, які прымаў рашэнне па дадзеным пытанні. Звяртайцеся да яго”, — намеснік дырэктара Аляксандр Даменікан перанакіроўвае нас на новага дырэктара, якога прызначылі на пасаду пару месяцаў таму.
Кіраўнік кампаніі Аляксандр Ронжын назваў заявы былых работнікаў блефам і паабяцаў праз нейкі час падрыхтаваць афіцыйны адказ. Еўрарадыё пра гэта дадаткова паведаміць.
Юрыст Сяргей Зікрацкі тлумачыць Еўрарадыё, што апошнім часам беларусы нярэдка і паспяхова судзяцца з працадаўцамі:
“Працоўных спрэчак у нас шмат, і суды разглядаюць гэтыя спрэчкі і выносяць рашэнні. Апошні гучны выпадак — калі работнік “Еўраопта” адсудзіў 18 мільёнаў замест аднаго”.
Еўрарадыё: Які павінен быць алгарытм мераў, калі рабочы не згодны з зарплатай?
Сяргей Зікрацкі: Наймальнік мусіць выдаваць разліковыя лісткі, у якіх тлумачыцца, за які перыяд які заробак налічаны, якія падставы для налічэння гэтага заробку. Калі чалавек не пагаджаецца з тым, што напісана ў гэтым разліковым лістку, то трэба ісці ў суд і патрабаваць, каб даплацілі той заробак, які павінныя.