Мінскі садок, дзе адключылі ацяпленне: дзеці ўзялі па дзве кофты і камізэлькі

Мінскі садок, дзе адключылі ацяпленне: дзеці ўзялі па дзве кофты і камізэлькі

Раніцай 20 кастрычніка ў сталічных мікрараёнах “Уручча-5” і “Уручча-6” адключылі на некалькі дзён ацяпленне і гарачую ваду. Робіцца гэта, каб падвесці камунікацыі да новых будаўнічых аб’ектаў.

“Дзеці ў садку ходзяць у пухавіках. Што ж будзе далей!” — нават такія трывожныя абмеркаванні можна ўбачыць на форумах.

Апоўдні 20 кастрычніка накіроўваемся да дзіцячага садка №498. Па адчуваннях, у памяшканні нармальная пакаёвая тэмпература. Дзеці апранутыя абсалютна звычайна. Але гэта толькі пакуль.

“У дзевяць раніцы батарэі яшчэ былі цёплыя, гарачая вада ішла. Посуд нармальна памылі. Ні ў цёплых шкарпэтках, ні ў валёнках дзеці, як бачыце, не ходзяць. На дадзены момант у памяшканні яшчэ цёпла Ніхто як тая капуста не апрануты. Бацькоў мы папярэдзілі, каб дзеткам далі з сабой камізэлькі і двайныя кофты”, — кажуць Еўрарадыё у адміністрацыі садка.

Еўрарадыё: Скажыце, а як вы будзеце выкручвацца з сітуацыі. Напэўна ж, хутка холадна стане?

Адміністрацыя садка: “Ніякай панікі няма. Бацькі рана спалохаліся. Вось калі б было мінус 10! Бацькам таксама было сказана прынесці з сабой цёплыя піжамы. Дзеці будуць проста больш цёпла апранутыя, як гэта было да таго моманту, калі ўключылі ацяпленне. Дзецям апранаюць гольфік, швэдрык, на верх — камізэлечку…”

Такая ж сітуацыя у садку ад Акадэміі навук, які знаходзіцца побач, і ў сярэдняй школе, што стаіць па суседстве.

Камунальнікі абяцаюць, што гарачае водазабеспячэнне ўзновяць цягам некалькіх дзён. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі