Мінскім ветэранам і інвалідам вярнулі дапамогу да пенсій і сацыяльнае таксі

Мінскім ветэранам і інвалідам вярнулі дапамогу да пенсій і сацыяльнае таксі

24 студзеня набыло моц Рашэнне №173 Мінгорсавета пра ўстанаўленне мераў сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян. Паводле яго, сталічным ветэранам вайны, інвалідам I i II груп, якія атрымліваюць сацыяльныя пенсіі, дзецям-інвалідам да 18 гадоў і людзям, старэйшым за 95 гадоў вяртаюцца дадатковыя выплаты да пенсій. Спыненне выплат а таксама паўза ў працы сацыяльнага таксі, платныя сняданкі для дзяцей са шматдзетных і апекунскіх сем'яў у школах былі звязаныя з заканчэннем праграмы сацыяльнага развіцця Мінска на 2011-2015 гады. Зняцце выплат выклікала рэзананс і незадаволенасць грамадзян. Цяпер, кажа Кацярына Юркевіч з Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, усе льготы вернутыя: на гэта выдаткавана больш за 94 мільярды беларускіх рублёў з бюджэту Мінска.


"Рашэнне набыло моц. Выплаты ў лютым узноўленыя. Грамадзяне атрымаюць даплату ў тым ліку і за студзень. Вяртаецца сацыяльнае таксі (дарэчы, наш досвед перанялі іншыя гарады, і цяпер яно будзе працаваць па ўсёй Беларусі). Таксама выдзеленыя датацыі на харчаванне дзяцей у школах, дзяцей-інвалідаў і адораных дзяцей", — пералічвае Юркевіч.


Па яе словах, Рашэнне №173 пра ўстанаўленне мераў сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян стала дадаткам да Дзяржаўнай праграмы па сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці на 2016-2020 гады, распрацаванай міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. 


"Наша рашэнне — гэта як дадатковыя меры сацыяльнай падтрымкі грамадзян. Яны не прадугледжаныя дзяржаўнай праграмай і ідуць дадаткам да яе", — тлумачыць Кацярына Юркевіч.


Рашэнне будзе дзейнічаць цягам 2016 года. За гэты час Мінгарвыканкам і мясцовыя саветы дэпутатаў абяцаюць выправяць прабелы ў заканадаўстве, якія сёлета прывялі да незадаволенасці льготнікаў.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі