Мінскія грамадскія актывісты падпісалі дэкларацыю аб супрацоўніцтве
Подпісы пад дакументам паставілі ўдзельнікі Форуму грамадскіх арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў.
Як паведамляе БелаПАН, гэта былі прадстаўнікі мінскай гарадской арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, мінскай гарадской арганізацыі аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза РЭП, зарэгістраванай у Літве Лігі развіцця дэмакратыі "Грамадзянскі вердыкт", ініцыятывы "Наша Кунцаўшчына" і шэрагу іншых арганізацый.
У якасці базавых каштоўнасцей дзейнасці форуму ўстаноўлены свабоды і годнасць чалавечай асобы, развіццё мясцовага самакіравання, захаванне і развіццё беларускай мовы і культуры, абарона навакольнага асяроддзя і інтэгральная экалогія, трывалыя сем'і і здаровы лад жыцця.
Сваёй асноўнай місіяй падпісанты дэкларацыі назвалі "фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі і працэс прыняцця рашэнняў, сумеснае вырашэнне сацыяльна значных для горада праблем, далучэнне жыхароў Мінска да дзейных грамадзянскіх ініцыятыў, павелічэнне папулярнасці няўрадавых арганізацый і іх лідараў сярод грамадзян".
Фота — Fotolia