Мінскія мытнікі "тармазнулі" восем новых аўто "Таёта Лэнд Крузер"
Мінская рэгіянальная мытня спыніла ўвоз аўтамабіляў па кошце, заніжаным больш як у два разы, паведамляе прэс-служба Мытнага камітэта.
Восем аўтамабіляў "Таёта Лэнд Крузер" 2017-2018 гадоў выпуску былі ўвезеныя з Грузіі. Яны былі змешчаныя пад працэдуру выпуску для ўнутранага спажывання. Мытнікі выявілі, што ў дакументах указваліся неадакладныя звесткі пра кошт аўто, каб ухіліцца ад мытных плацяжоў. Аўтамабілі прывозілі ў Грузію з Японіі. Там для іх рыхтавалі камплект несапраўдных дакументаў, у якіх быў заніжаны кошт.
Шкода беларускай дзяржаве ад супрацьзаконнай дзейнасці ацэньваецца на суму больш за 140 тысяч рублёў.
Мытнікі пачалі крымінальную справу на мінскага індывідуальнага прадпрымальніка, які выступаў дэкларантам аўтамабіляў.
Праваахоўнікі правялі ператрусы. Па месцы пражывання аднаго з фігурантаў справы выявілі буйную суму грошай. Цяпер праводзяцца следчыя мерапрыемствы.