“Мінсктранс”: У нас у саміх шмат прэтэнзій да распрацоўшчыкаў валідатараў

Сітуацыя: тралейбус №3 з кандуктарам, канцавы прыпынак “Вакзал”. Я ўжо еду на гэтым тралейбусе, а мой спадарожнік толькі сядае на канцавым прыпынку. Ён прабівае апошнюю паездку, і валідатар піша, што на картцы застаўся нуль. Я праводжу сваім адбітым праязным яшчэ раз, але апарат не здымае паездкі, а толькі піша, колькі ў мяне іх засталося. Едзем, на прыпынку заходзяць кантралёры. І ў нас адзіных праязныя аказваюцца не адбітымі. Нас высаджваюць на прыпынку, і пачынаецца эпапея “мы не дурні”.

“Сёння ва ўсіх, у каго разавыя паездкі, а не праязныя на месяц, чамусьці не спрацоўваюць”, — іранізуе кантралёрка. Пасля спрэчкі разыходзімся кожны пры сваім, але хто ж тут мае рацыю?

Да ўвядзення новай сістэмы аплаты, бадай, кожны чуў, што можна будзе літаральна да хвіліны прасачыць, дзе сядаў пасажыр! І адбіваць праязны трэба кожны раз, каб зоркі ў кантралёра і новай сістэмы сышліся, і сістэма паказала, што праезд аплачаны! А калі гэта так, дык даказаць сваю правату нам нічога не каштуе.

Прыходжу ў цэнтр абмену праязных, што на Партызанскім праспекце: там зрання (9 чэрвеня) ёсць наведвальнікі і некалькі заяў на замену картак.

Прашу раздрукаваць мае паездкі, каб даказаць сваю правату! Але зрабіць гэта немагчыма.

“Мы не даём такія раздрукоўкі, а па-другое, у нас звесткі толькі па 2 чэрвеня. На 6-га чэрвеня пакуль звестак няма, трэба ў канцы тыдня падысці”, — выбачаецца супрацоўніца ў цэнтры абмену картак і дадае, што, калі б праязны скончыўся, то валідатар адразу б напісаў “адмова”, а не паказваў колькасць паездак. То бок шанец, што мы не заўважылі памылку адпадае.

Мне нават тлумачаць, што раней былі праблемы, калі прыкладна ў гадзіну пік пачыналася перазагрузка сістэмы, таму і атрымоўвалася, што людзі быццам бы аплацілі, а сістэма не бачыла. І цяпер існуюць праблемы з праязнымі на некалькі паездак, а ў метро валідатары перыядычна здымаюць у людзей адразу па дзве паездкі — за сябе і за таго хлопца.

Іду ў кантрольна-рэвізійную службу. Там сустракаю яшчэ аднаго небараку, у якога такая ж сітуацыя. Што за праблема з гэтымі карткамі?

Супрацоўнік агенцтва “Мінсктранс” тлумачыць магчымую версію: перад самым прыездам на канцавы прыпынак ў кіроўцы павінна быць абнуленне валідатара, але гэта адбылося пазней, чым мы прабілі свае праязныя! Атрымліваецца, мы заплацілі толькі за тое, што сядзелі тры хвіліны ў тралейбусе да адпраўлення!

“Першы месяц мы казалі кантралёрам, каб не штрафавалі, потым быў чэмпіянат, таксама не штрафавалі. Цяпер у мяне цэлы воз прэтэнзій да распрацоўшчыкаў сістэмы. Думаеце, мне прыемна, калі такія прэтэнзіі да кантралёраў? Сістэма завязаная на навігацыі. Але атрымліваецца, што кантралёр самы вінаваты! Адзін з пунктаў мы напісалі, што ўсе судовыя іскі, ўсе прэтэнзіі будуць аплачваць яны, распрацоўшчыкі”, — мякка выказваюць незадаволенасць ў “Мінсктрансе” і раяць напісаць асабісты ліст на сайт “Мінсктранса”, маўляў, чым больш будзе зваротаў, тым больш шансаў, што распрацоўшчыкі звернуць увагу на памылкі.

Таксама ў “Мінсктрансе” кажуць, што і самі не вельмі задаволеныя новай сістэмай: калі яе ўвялі толькі на трамваях, усё працавала добра, а калі падключыўся ўвесь Мінск, пачаліся збоі — у кантралёраў тэрміналы не вытрымлівалі нават гадзіну!

Незадаволеныя новай сістэмай аплаты праезду ў транспарце і некаторыя кантралёры. Просяць нават не пытацца, як ім новаўвядзенне. Па іх словах, ніякага сэнсу з “тых апаратаў на шыі” няма — яны і без апарата маглі б правяраць аплату праезду, як і кандуктары, проста прыкладаючы праязны да валідатара!

“Хто раней прыносіў па 400-500 штрафаў, цяпер прыносяць максімум па 300, але гэта толькі адзін такі кантралёр. А ў астатніх пры норме 150 квітанцый на штраф у месяц прыносяць меней чым па 100. Наша гэта “штука” (прылада для кантролю праезду — заўвага Еўрарадыё) каштуе болей за 5 мільёнаў, валідатар — больш за тысячу долараў, а кампосцер гэты і таго болей, але толку ад яго няма!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі