Мінздароўя аб'явіла, што першы заражаны COVID-19 у Беларусі вылечаны
Іранскі студэнт Парса са сваім бацькам / Instagram
У Беларусі вылечаны першы пацыент з дыягназам "каранавірусная інфекцыя": у студэнта БНТУ з Ірана атрыманы першы адмоўны тэст на наяўнасць РНК каранавіруса. Пра гэта паведаміла 7 сакавіка Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Парса Галамі быў першым пацыентам, у якога ў Беларусі выявілі COVID-19. Афіцыйна яго можна будзе прызнаць цалкам вылечаным пасля другога адмоўнага аналізу на новы каранавірус. У Міністэрстве аховы здароўя мяркуюць, што студэнта выпішуць у канцы наступнага тыдня — пасля 14 дзён з моманту ўстанаўлення дыягназу і пасля двух адмоўных лабараторных тэстаў.
Тыя ж правілы прымяняюцца і да іншых пяці пацыентаў ў Беларусі, у якіх раней выявілі COVID-19, а таксама да людзей з падазрэннем на новы каранавірус, якіх змясцілі ў карантын.
Раней міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік распавёў, што, калі ў Беларусі выявілі першы выпадак новага каранавіруса, нараду сабралі ў Міністэрстве аховы здароўя ў 3 гадзіны ночы, а затым на працягу сутак быў шпіталізаваны 91 кантакт першага ўзроўню.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.