Мінздароўя назвала фэйкам паведамленне пра 100 мігрантаў, хворых на каранавірус
Медыкі пастаянна дзяжураць ля гандлёва-лагістычнага цэнтра на мяжы, дзе знаходзяцца мігранты / @minzdravbelarus
Інфармацыя пра ўспышку COVID-19 у транспартна-лагістычным цэнтры на беларуска-польскай мяжы не адпавядае рэчаіснасці, гэта "фэйк", заявілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
"На сённяшні дзень у бальніцы Гродна знаходзіцца толькі адзін бежанец, у якога дыягнаставаны COVID-19", — адзначылі там. У гэтага мігранта дыягнаставаная пнеўманія. Яшчэ двое трапілі ў беларускія бальніцы з абвастрэннем хранічных захворванняў.
"Каля ста мігрантаў было шпіталізавана з лагістычнага цэнтра "Брузгі" на беларуска-польскай мяжы, у тым ліку з цяжкай формай каранавіруса", — паведаміла раней РІА "Новости" са спасылкай на начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людмілу Кеду. Чыноўніца напярэдадні размаўляла з прадстаўнікамі СААЗ і сапраўды сказала, што ў бальніцы Гродна "на сённяшні дзень адвезлі каля 100 чалавек". Але гаворка ішла пра самыя розныя паталогіі і захворванні, патлумачылі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.