Мішусцін нагадаў Румасу пра выкананне дамоўленасцяў у нафтагазавай сферы
27 траўня адбылася тэлефонная гутарка кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расіі — Сяргея Румаса і Міхаіла Мішусціна.
Як паведамляе прэс-служба расійскага ўрада, Румас і Мішусцін абмяняліся віншаваннямі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і выказаліся за паглыбленне інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Потым чыноўнікі перайшлі да абмеркавання праблемаў. Згадалі каранавірусную інфекцыю і дамовіліся актывізаваць сумесную работу міністэрстваў аховы здароўя і санітарна-эпідэміялагічных службаў.
Румас падзякаваў Расіі за аператыўнае рэагаванне на звароты беларускіх партнёраў, у тым ліку наконт паставак харчовых тавараў. Магчыма, гаворка ішла пра пастаўкі грэчкі, якія Расія рэзка абмежавала ў сакавіку. Праблема была вырашаная пасля тэлефонных перамоваў прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі. Аднак у выніку Аляксандр Лукашэнка загадаў забяспечыць Беларусь грэчкай уласнага вырабу.
Потым Мішусцін падкрэсліў, што Беларусь і Расія павінны дакладна выконваць двухбаковыя дамоўленасці ў нафтагазавай сферы. Як пазітыўны прыклад ён згадаў пабудову БелАЭС па расійскіх тэхналогіях. Да таго ж, яна будуецца і на расійскія крэдыты.
Апошнім часам, як вядома, Беларусь таргуецца з Расіяй наконт зніджак на пастаўкі газу. Кантракт быў падпісаны напрыканцы 2019 года. А з пачатку 2020-га кошты на газ пайшлі наніз следам за коштамі нафты. І, па словах Лукашэнкі, Расія прадае Беларусі газ па 127 долараў за 1000 кубаметраў. а Германіі — каля 80 долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.