Мітрапаліт Павел распавёў, чаму дагэтуль не вывучыў беларускую мову

Мітрапаліт Павел распавёў, чаму дагэтуль не вывучыў беларускую мову

У Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску прэзентавалі Новы Запавет на беларускай мове, паведамляе tut.by. Над перакладам біблейская камісія пры Беларускай праваслаўнай царкве працавала 25 гадоў. Выданне прымеркавалі да 500-годдзя з дня выхаду першай кнігі беларускага асветніка Францішка Скарыны.

На прэзентацыю прыехалі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, кіраўнік каталіцкай царквы Тадэвуш Кандрусевіч, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім ды інш.

Кніга выйшла накладам 6000 асобнікаў. Купіць яе можна будзе ў царкоўных лаўках, а таксама ў Кафедральным саборы. Акрамя таго, у праваслаўнай царкве абяцаюць яе аблічбаваць, каб зрабіць даступнай кожнаму ахвочаму.

Мітрапаліт Павел заявіў, што пасля выхаду беларускамоўнага Новага Запавету не стане больш беларускамоўных царкоўных службаў. 

"Я б не стаў звязваць з'яўленне гэтай кнігі з набажэнствамі на беларускай мове. Вы разумееце, у нас няма такой кананічнай або дагматычнай ўстаноўкі адносна мовы. Будуць людзі жадаць — можна рабіць набажэнствы. Справа ў тым, што многія людзі, якія сёння ходзяць у храм, прывыклі маліцца на царкоўнаславянскай мове. У нас была спроба. Некалькі гадоў таму адзін з настаяцеляў, руплівы такі, вырашыў адразу ўсё богаслужэнне пераводзіць на беларускую мову. Ну і што — людзі перасталі хадзіць, таму што для іх было тады незразумела. Сёння вырастае такое пакаленне, якому беларуская мова будзе бліжэй", — разважае кіраўнік БПЦ.

Дарэчы, мітрапаліт Павел пасля свайго прызначэння ў Беларусь і сам абяцаў вывучыць беларускую мову. Але дагэтуль не гаворыць па-беларуску. Ён тлумачыць гэта тым, што зацягнула будзённая адміністрацыйная дзейнасць. "Многае, што я чую на беларускай мове, я разумею, але як той мудры сабака, усё разумею, але сказаць не ўсё магу. Я думаю, што з часам буду працягваць гэтым займацца. Мітусня заядае", — прызнаўся царкоўны іерарх.

Тых, хто працаваў над перакладам, ўзнагародзілі ганаровымі царкоўнымі граматамі і медалямі.

Завяршыў мерапрыемства Мітрапалічы хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Між іншага ён выканаў песню "Магутны Божа".

Дарэчы, 25 лістапада свой першы афіцыйны пераклад Новага Запавету на беларускую мову прадставіць і Рымска-Каталіцкі касцёл у Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі